Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бліжай і бліжай падыходзілі да мяжы плугі. Мяжа настаражылася, ашчацінілася леташняй сухой, дзікай травой.

Па полі, як праведзена мяжа колгаснай і вясковай зямлі, ідзе з прошчамі натоўп сялян. Мужчыны бяз шапак, жанчыны з белымі сьвяточнымі хусткамі на галовах. Уперадзе бацюшка ідзе і пырскае на поле сьвянцонай вадою. За бацюшкам мужчыны сьпяваюць і вецер даносіць да вушэй колгасынікаў словы сьпеву:

О-о-о-тча на-а-ш
Іжа есі на небесі-і-і…

Клемс спыніў каня акурат пасярод узгорку, усьміхнуўся.

— Межы нашыя яны абыходзяць, сьвянцонай вадой паліваюць свае поле, каб зараз нашая не перапаўзла туды.

Усьміхнуўся, шмаргануў лейцы і павёў плуг далей.

А ўсім адразу зразумелым стала, чаго ходзіць па полі процэсія і людзі зарагаталі.

Аддаляецца ад узгорку ў поле процэсія. Бліжай і бліжай падпаўзаюць да мяжы гострыя, бліскучыя лемяхі плугоў, вось-вось зачэпяць яе і зрэжуць, паваляць. Мяжа выпрасталася, выгнулася на сярэдзіне, угару ўзьняла ашчаціненую сваю сьпіну. Клемс завярнуў коняй. Коні пайшлі па абодвы бакі мяжы. Накіраваны плуг падчапіў зьнізу канец мяжы, адарваў яго, адкінуў камяком у кучу з заараным, потым выкаўзнуўся з-пад яе. Каля мяжы глыбокая леташняя разора. Яна шкодзіць і плуг: то выскаквае з-пад мяжы, то зноў падпаўзае пад яе і гострым носам адрывае ад яе кавалкі і адкідае іх у бок на ральлю, то выпаўзае і, стомлены, зрывае носам мураву ў леташняй разоры. Злуе Клемс. Мяжа выгінаецца, ня хоча здацца.

— Бач ты, мяжа не здаецца! — крычыць нехта з узгорку.

Але другая пара коняй абняла нагамі мяжу. Панас моцнымі маладымі рукамі накіраваў плуг і трымае яго. Плуг падразае мяжу і адвалам павольна кладзе яе на бок. Трэці араты плугам падбірае пакінутыя кавалкі мяжы, падчышчае новую разору, на месцы, дзе толькі што яшчэ была мяжа. А на ральлі, парванай на кавалкі, ляжала праз увесь узгорак цела былой мяжы.

— Мітынг давайце цяпер, — кажа Панас Клемсу, — заварачвайма коняй і пачнем.