Яна змоўкла і, памаўчаўшы, запрапанавала:
— Позна ўжо вельмі, а заўтра раненька трэба ўставаць, у поле-ж… Хадзем дадому.
Як ішлі дадому, гаварылі ўжо зусім пра іншае. Варажылі, як будзе заўтра, ці прыдуць на сьвята сяляне з суседніх вёсак. А калі прышлі ў хату, Клемс пажартаваў:
— А дазволу-ж чаму гэта вы ня бралі на гулянку? А? Як-жа гэта, што і праўленьне ня ведае?
— Мы недалёка хадзілі, — азвалася з усьмешкай Галіна, — думалі, што на блізкае ня трэба дазволу.
— Няхай па-твойму, будзе. Што з вамі зробіш, — згадзіўся Клемс і за гэтым сказаў: — Можа-б ты нам падрыхтавала вячэру, а то недзе старая мая зьнікла. Яна вось, — сказаў ён да Панаса, — мужыка свайго з-за колгасу кінула, а я баюся, што ад мяне з-за колгасу старая мая ўцячэ. Ніяк пагадзіцца са мною ня хоча, усё бурчыць яшчэ… А я прывык ужо, увесь век так бурчым друг на дружку…
Як ледзь-ледзь глянула з-за небасхілу сонца, Клемс апрануўся і пайшоў будзіць колгасьнікаў. Але колгасьнікі, як і сам ён, ужо даўно ня спалі, сьпяшаліся са сьнеданьнем, каб не спазьніцца да выезду у поле. А праз колькі часу яшчэ, на Клемсаў двор прывялі коняй і далі ім аўса. Коні жавалі авёс, пераглядаліся, чакалі, калі падвядуць іх да плугоў і паставяць у пастронкі. Клемс з хлопцамі выносіў з клеці плугі, ставіў іх на дварэ падрад, адзін побач з другім і разматваў пастронкі, каб усё было напагатове.
А сёмай пачалі запрагаць. Запрагалі кожны сваю пару. Каля клеці зышліся сем’і колгасьнікаў. Жанчыны прышлі з малымі дзецьмі, прышлі як на сьвята, чыста апрануўшыся, прышлі, каб за аратымі пайсьці ў поле. Групамі прыходзілі сяляне з суседніх вёсак. Некалькі чалавек далёкіх прыехалі верхам на конях і коняй паставілі ў дварэ, прывязалі іх за плот. Але ніхто ня прышоў са сваіх вяскоўцаў.
Праз гадзіну Клемс стаў са сваёй парай і падаў знак станавіцца за плугі. Галіна вынесла з клеці сьцяг. Дзеці кінуліся да брамы, шырока адчынілі яе, далі дарогу Галіне. Яна ганарлівая і прыгожая пазірала на людзей і ішла высока ўзьняўшы сьцяг. Косыя