Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як-жа гэта вы не дасьцё? Адмералі нам, мы і араць будзем, сеяць пара, няма чаго чакаць.

— Але-ж вы заворваеце нашыя два ўкосы! Ты-ж падумай, чалавеча, што вы гэта робіце? Вясною летась пасеелі канюшыну, яшчэ два гады касіць яе, а вы што-ж гэта?

— Дык і нашае-ж у палосах засталося вам. Якая-ж тут крыўда?

— Як-жа якая крыўда? Ці-ж на «Дзяковай» парасьце такая канюшына, як на сядзібах? Гэта-ж бога трэба мець у сэрцы…

— Бог тут ваш ня пры тым, — адказаў Клемс. — Араць мы будзем, як вызначылі, увесь гэты кавалак, пад авёс і лапек пасярод поля кідаць ня будзем.

Мужчыны змоўклі. Моўчкі стаяў і Клемс, а колгасьнікі сядзелі на бервяне каля клеці і таксама маўчалі, чакалі чым скончыцца гутарка. Набліжаўся вечар. І вечар вясновы таксама быў маўклівым, настарожаным. Мужчыны сабраліся ісьці дадому. Перад адыходам яшчэ раз адзін з іх, які прывёў другіх, сказаў:

— Дык, значыць, будзеце заворваць? Па-суседзку значыць, ня хочаце пагадзіццца?.. Што-ж рабеце, няхай і так будзе, мо калі… прыдзе коза да воза…

Клемс нічога не адказаў і мужчыны пашлі. Каля брамы іх сустрэў Панас. Прывітаўся. Мужчыны адказалі на прывітаньне, але нічога не сказалі да яго, пашлі ў вуліцу. Панас прайшоў з вуліцы проста ў хату. У руках ён прынёс невялікую фанерную скрынку і ў хаце паставіў скрынку на лаўку.

— Вось я, цётачка, і зусім да вас, — сказаў ён, — зьмеціўшы ў цемры жаночую постаць. — Працаваць у колгасе разам з вамі буду.

На яго словы з хаты абазвалася Галіна.

— Каб не заўсёды да нас, вось бы добра было, — сказала яна.

— А я і не пазнаў цябе, вось мусіць багатая будзеш!

— Ужо-ж буду, ’шчэ якая багатая… кінула я чалавека свайго, — сказала яна памаўчаўшы, — і жыву вось цяпер удавой у дзядзькі Клемса. А мой з-за гэтага самы люты вораг колгасу будзе. Ён ніколі ня пойдзе ў колгас… Мы з ім, бывала, кожны вечар пра гэта гутарылі і сварыліся… А яшчэ з-за цябе ён мне жыцьця не даваў, дык я і парашыла кінуць яго, усё-ж роўна ня было-б жыцьця: у колгас-бы ён не пашоў, а я з колгасу не пашла-б… А потым і цябе бачыць хочацца часьцей…