Трынаццаць чалавек шчыльна сядзелі навакол стала і ціхімі галасамі раіліся, што рабіць. Цяпер усе яны, кожны паасобку, адчувалі сябе сярод усіх ста трыццаці сямі гаспадароў Цярэшкавага Броду адной сям’ёй. І кожны разумеў, што ў паасобку ад гэтае сям’і ён бездапаможны і, калі адыдзе ад усіх, нямінуча апынецца сярод тых, хто сёньня кінуў колас і сход.
—На дварэ па падваконьні туляліся людзі і, зазіраючы асьцярожна ў хату, паціху шапталіся паміж сабой. Была позная ноч.
XIII
На дзьверы ў сельсавеце і коопэрацыйнай краме была наклеена, напісаная атрамантам, абвестка такога зьместу:
| У заўтрашні дзень 18 красавіка а 8 гадзіне ранку ў вёсцы Цярэшкаў Брод адбудзецца сьвята першага колектыўнага ворыва колгасу „Парыская Комуна“. Колгасьнікі просяць усіх, хто жадае, прыйсьці на нашае сьвята. У поле будзе мітынг.
Праўленьне колгасу „Парыская комуна“ |
Сяляне, якія прыходзілі ў сельсавет і ў краму, чыталі абвестку і багата пра яе гутарылі. А ў Цярэшкавым Бродзе колгасьнікі рыхтаваліся да ворыва. Яшчэ за некалькі дзён да 18, калгасьнікі паставілі ў Клемсавай клеці сем параконных плугаў. Чатыры плугі былі зусім новыя. Іх колгасьнікі прывезьлі з раёну. На плугі былі начэплены новыя бярозавыя ворчыкі, абкручаныя пастронкамі. На сьцяне ў клеці, на крукох, віселі для кожнага каня хамуты.
А напярэдадні 18, пад вечар, калі сабраліся ў Клемса на дварэ колгасьнікі, на двор прышло сямёра мужчын-вяскоўцаў. Яны павіталіся, стоячы кучай і адразу загаварылі, зьвярнуўшыся да Клемса:
— Дык як-жа, суседзе, будзе, а? Ты-ж сам т’кі гаспадар. Няўжо-ж вы гэта і будзеце заворваць нашае?
— Будзем, — адказаў Клемс.
— А як мы не дадзім?