Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кажа! Яны ходзяць, палохаюць, пагражаюць! І хоць муж мой і бацька выпісаліся, а я хачу ў колгас і іншымі кажу, — у колгасе наша бабскае шчасьце!..

Тады з кута па сходу хлестанулі брудныя і брыдкія словы, стукнулі Галіну:

— Шлюха ты! Мужавага мала, колгаснага захацела!..

На хвілінку змоўкла Галіна, узьняла да ілба руку, патрымала яе так. Крыўда і сьлёзы, што падкаціліся пад горла, перашкаджалі гаварыць, потым праглынула сьціснутую ў камячок крыўду і надворна спакойная, ціхім голасам адказала:

— Паскуднікі вы. Пляціце, плявузгайце, бо-ж няма ў вас чым, дык хоць гэтым спрабуйце… Паскуднікі, не баюся я вас. Буду ў колгасе…

За Галінай падышло некалькі чалавек да стала.

— І маю заяву парві, — сказаў адзін, — я хочу ў колгас.

— І маю…

Тады зноў ззаду па кутох закрычалі несваімі галасамі людзі, завылі па-воўчы, пашлі кучаю з шумам з гоманам з хаты, каб як мага больш людзей за сабою павесьці.

Праз хвіліну ў хаце засталіся толькі Клемс, Палашка, Галіна, Пётра Ашурка і яшчэ дзевяць чалавек. Яны скучыліся каля стала і моўчкі стаялі пазіраючы на дзьверы, куды пайшло сто з лішнім чалавек. Панас стаяў нярухома і таксама пазіраў на дзьверы. У вялізарнай хаце зрабілася адразу ціха і прасторна і гэта здалося дзіўным. Ашурка Пётра азірнуўся па хаце на пустыя ўслоны, на пакладзеныя ўпоперак хаты дошкі, на закіданы недакуркамі і сьмецьцем памост, асабліва моцна адчуў гэтую прыйшоўшую адразу пустэчу і прасторнасьць і нібы сам сабе сказаў:

— Зусім мала нас, яны нас заб’юць цяпер, затукаюць…

Гэтыя словы Ашуркавы ў кожнага абудзілі ўсьведамленьне таго, што толькі яны вось гэтыя, што ў хаце цяпер колгасьнікі, а ўсе рэшта гаспадароў, сто з лішнім, не ў колгасе, і што з-за гэтага будзе цяжка будаваць колгас. І словы Ашуркавы ўсіх крыху напалохалі. А за Ашуркам загаварыў Клемс.

— А па-мойму, — сказаў ён, — дык і лепш так. Мала, але ўсе такія, хто ад сэрца за гэта стаіць. Абы, каб сяброўства было.

— І яж пра гэта кажу, пра сяброўства, а без яго, дык затукаюць і разгоняць нас яны, — зноў сказаў Ашурка.