адразу, калі ў хаце крыху сьціхлі, параіў Клемсу абвясьціць сход пачатым і сам узяў слова.
— Сёньня нам-бы варта, — пачаў ён, — вырашыць ужо гаспадарчыя пытаньні, бо хутка вясна, але-ж трэба займацца другім, прычынамі, з-за якіх распаўся колгас.
Ён ня скончыў гаварыць, як некалькі галасоў запрапанавала:
— Хопіць ужо гаварыць пра колгасы, таварышы, можа пра што новенькае пагутарым?
— Пра новенькае другім разам, — адказаў Панас, — сёньня давайце са старым разьбярэмся.
— Давай і так, — згадзіліся тыя. Панас гаварыў далей.
— Некаторым здаецца, што вось не пажадалі яны быць у колгасе, падалі заявы аб выключэньні у ўсё, а яно ня так…
— А як-жа, як? — закрычалі з хаты.
— Ня так, — працягваў Панас, — не паверу я гэтаму. Нейчая вельмі хітрая рука вадзіла вашымі рукамі, калі вы пісалі заявы…
— Свае галовы маем, ніхто нам ня пісаў!..
— Можа і ня пісаў, дык паказваў, дыктаваў і можа ня так, каб прыйсьці, стаць над плячыма і казаць, што пісаць. Ды не. Рабілі па іншаму. Вас проста палохалі жыцьцём колгасным, плёткі пра яго пускалі розныя і вы паверылі…
— А як-жа не паверыць? Хіба няпраўда?
— Што хіба няпраўда? — запытаў Панас.
— А тое, што напісалі ў заявах.
— Заявы сьведчаць часткова пра тое, што шмат чаго вы пра жыцьцё колгаснае ня ведаеце, а яшчэ больш пра тое, што вас напалохалі. Я вось перачытаю некаторыя заявы. Вось, хоць бы-ж гэтая:
Так як я яшчэ жыцьця колгаснага ня ведаю, дык прашу і маю сям’ю, жану і дзяцей, с колгасу выключыць, як нязгодных на колгаснае жыцьцё. Пражывём мо’ тады і ўступім.
— Гэта Сватоўскі піша, — такіх заяў багата. Вось другая:
Як я, і мая жонка і дзеці хворыя, і не работнікі ў колгасе, дык просім выключыць.
— Гэта Абуховіч. У сябе ён працаваў, а як у колгас, дык і сам, і жонка, і дзеці хворыя ўжо…
— А не-ж здаровыя.