дыня, то садзілася ля каровы, даіла яе, то ўставала, гладзіла карову па шыі і нешта паціху гаварыла дзецям. Дзеці нешта адказвалі мацеры, а самае меншае стаяла, падымаючыся на цыпачкі і ворсала пальцы свае ў вялікую, сьлізкую каровіну наздрыну.
Клемс спыніўся на хвіліну супроць двара, пастаяў, пазіраючы на двор, потым зьдзіўлена павёў плячыма і не пашоў у сельсавет, а завярнуўся і паціху пашоў назад.
Зьбянтэжаны, нічога не разумеючы, чаму так нечакана і хутка ўсё зрабілася, ён ішоў скінуўшы шапку, выціраў рукой успацелы лоб.
У хлявох рыкалі, адвыклыя ўжо ад адзіноцтва, каровы.
Ужо зьмяркалася, але сход зьбіраўся павольна.
Перад сходам Панас паклікаў убок ад ганка Галіну і доўга з ёй гутарыў, стоячы пасярод двара. Яму хацелася што ні што падрабязьней праведаць яшчэ да сходу. Хацелася яму зрабіць гэта яшчэ і па тэй прычыне, што сяляне, якія прыходзілі на сход, трымалі сябе так, нібы ў вёсцы нічога асаблівага не адбылося і ў той-жа час кожны з іх чамусьці баяўся спатканьня і гутаркі з Панасам і ўсяляк ухіляўся гэтага. Гэта зьдзівіла Панаса.
Пасьля гутаркі з Галінай, ён у соты мо’ раз абдумваў сэнс заяў, напісаных аб выключэньні з колгасаў. Усе гэтыя заявы, напісаныя на розных кавалачках паперы і рознымі рукамі, гаварылі пра тое, што тыя, хто пісаў іх, чагосьці баяцца і чагосьці ня ведаюць. Таму ў хаце, перад пачаткам сходу, Панас яшчэ раз перагледзеў заявы і адклаў найбольш характарныя з іх паасобку.
Ня гледзячы на позьні час, сход усё яшчэ не сабраўся, багата каго ня было. А тыя, што прышлі раней, не жадалі чакаць і са злосьцю патрабавалі пачынаць сход.
— Ну, чаго сабралі? — запытаў адзін і дадаў, — звар’яцеем мы хутка ад гэтых сходаў!
— Павар’яцелі ўжо людзі, — дадаў другі.
— Гэта ад колектывізацыі павар’яцелі, а не ад сходаў.
— А на сходах-жа адна толькі колектывізацыя і ёсьць…
Панас слухаў гэтыя сказы, разумеў, што сход будзе бурны і разумеў, што адцягваць гэтага сходу ні ў якім разе нельга. Таму ён