Суседка выгнулася ўперад галавою, падняла на ўзровень твару руку і неўзаметку, ківаючы рукою, падазвала да студні Пётрыху. Каля студні стаялі гурбай жанчыны і, схіляючы ў кучу галовы, пра нешта гутарылі.
— Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які…
Пётрыха спынілася. А жанчына, што была ў сярэдзіне, адхінула аб’ехаўшую на вочы хустку, узяла за рукаў кажуха Пётрыха і, падцягваючы яе бліжэй, загаварыла:
— … Сам ён высокі, худы, стаіць у парозе, хрысьціцца і просіць імям хрыста скібачку хлеба, а потым моліцца па эвангельлі. Не малітвамі, як мы, а па эвангельлі… Зайшла гэта да мяне яна, — жанчына паказала на суседку, — дык я пытаю, ці не на пагарэлае ён зьбірае, бо-ж і не сьляпы, і не калека і не стары яшчэ чалавек. Дык ён, галубкі мае, вось хай яна скажа, — жанчына зноў паказала на суседку, а тая заківала ў знак згоды галавой, — заківаў галавой, што не, уздыхнуў гэтак цяжка, дый кажа, што ён з комуны з суседняга гэтага раёну. Было гэта іх аж трыццаць дзьве сям’і ў комуне той, аж шэсьць год жылі комунаю, ды гаравалі, біліся як рыба аб лёд, а цяпер усе пашлі па сьвету, бо ні хлеба ні стала, ні вопраткі, ні абутку, з голаду дзеці пачалі паміраць. Дык я яму дала акрайчык хлеба, ды кажу, памаліся чалавеча, за наша здароўе бо бог-жа ведае, як ’шчэ і з намі будзе, папісаліся гэта, а цяпер як будзе, як будзе? Божачка ты мой…
— А у нас ён начаваў, — сказала суседка. — Вячэралі мы, як чуем, нехта стукае ў шыбу. Паглядзеў Сымон, аж чалавек стаіць пад акном, жабрак. Ён гэта і кажа. Дык я кажу, упусьці, хай паначуе, ці ўжо мы з таго зьбяднеем, ці лаўку ён адкусіць, калі перасьпіць. Выйшаў Сымон на ганак, а чалавек стаіць і трасецца, аж зубы ў яго ляскаюць. І чуе гэта Сымон, што ў царкве званы звоняць, як на хаўтурах. А жабрак хрысьціцца, ды пытае, мо’ хто памёр, кажа, ці што? Аж доўга званы званілі, дык Сымон перапужаўся, аб зьбялеў, як прышоў у хату…
— Вось жыцьцё настала, — загаварыла яшчэ адна з жанчын, — жыві, ды трасіся, калаціся. Кара божая, а ня жыцьцё…
Як званілі званы, чулі шмат хто. Чуў і Клемс. І раніцою, пасьля сьнеданьня, ён пашоў да Ашуркі Пётры, каб параіцца што рабіць. Калі Клемс сказаў, што трэба паглядзець царкву, хто там