Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі. Калі ён крыху наблізіўся, Панас пазнаў, што гэта не Камека. Панас пастаяў яшчэ колькі хвілін, пазіраючы ўсьцяж гасьцінцу і вярнуўся ў хату.

— А я зноў да вас, не шанцуе штось мне, нябачна Камекі…

Праказаў гэта, стоячы ў парозе, і пачаў шапкай атрасаць з паліто сьнег.

З цёмнага запечку вынес гаспадар да стала услончык і запрасіў Панаса сесьці.

— Камека ня прыдзе цяпер, пасароміцца, — сказаў гаспадар і адышоў ад стала на сярэдзіну хаты, дзе на цаглінах стаяла жалезная пячурка. Там ён сеў на нізкай круглай калодачцы і пачаў выцярушваць на газэтную паперку са скуранога старога капшука дробныя, пацёртыя зерні махоркі. — Няхай-бы, Панаска, таварышы нам махорачкі больш вазілі, — сказаў ён, — мы-б тады болей і слухаліся, а то-ж закурыць няма чаго: дадуць пачак на тыдзень, а яго за адзін дзень у кумпаніі скуру.

Ён змоўк на хвіліну, думаў, што Панас нешта адкажа на гэныя словы пра махорку, але не дачакаўся Панасавых слоў і працягваў гаворку сам.

— … А зноў-жа падмётку калі ўзяць, ці боты скажам. Гэта-ж сьмяхоцьце з нас ладзяць людзі, дый годзе: дзевяць пар ботаў далі на сто трыццаць сем гаспадароў! Ці-ж гэта мысьліма… А ўсе-ж босыя, а вясна блізка, кожны баіцца, што ня будзе ў чым на работу ў поле высьці…

На ложку, абапершыся рукамі на біла, сядзела Галіна.

—Да работы яшчэ прывязуць і ботаў і лапцей, — праказала яна і змоўкла.

— Так вось і прывязуць, чакай толькі…

Гаспадар дастаў з пячуркі, з самага полымя вугаль, перакінуў яго некалькі разоў з далоні на далонь, пакуль вугаль крыху абтух, закурыў, трымаючы вугаль кончыкамі пальцаў, і тады даказаў сваю думку да канца.

— … Мо’ яшчэ і абуюць цябе?

Засіпеў на сьцяне і празваніў на палову сёмай гадзіньнік. Панас узьняў голаў, зірнуў на гадзіньнік і запытаў:

— Дык на сход загадвалі, ці не?..

Гаспадар зірнуў на жонку, пасьля на Галіну і адказаў са зьдзіўленьнем: