вацьмуць, скажэце, што боязна праўду казаць, каб не палічылі дрэнным чалавекам.
Незнаёмы: — Я гэта ведаю. Ты пра гэта не кажы. Я паначую і яшчэ заўтра раніцою прайдуся па хатах, прасіць буду. А вы раніцою прыходзьце навіны праведаць і старайцеся, каб ніхто ня прышоў на сход. Гэта, калі ня выйдзе справа з заявамі.
Гарбуль: — Я думаю, што выйдзе. Ужо некаторыя гаварылі пра гэта.
Мышкін: — Абавязкова кажэце, што высяляць будуць, што высяляць будуць усіх, хто хоць крышку гаспадар.
Гарбуль: — Эвангельле бацюшка раіў чытаць толькі сабе, а ім толькі тады, калі папросяць. А каб зацікавіліся, дык чытаць так, каб чулі і не разьбіралі слоў, паціху, тады абавязкова папросяць.
Мышкін: — Як пойдзеце, я праз хвілін, дзесяць буду званіць, нібы ў адзін звон на хаўтурах. Гэта акурат ля царквы. А вы, як пачуеце звон, адразу стукайце ў акно, будзіце, каб пачулі. Запытайце, чаго ноччу ў царкве звоняць…
Незнаёмы: — Каб не ўгадалі, што ў рэйку гэта?
Мышкін: — Ня бойцеся. Спрасоньня, ды ноччу спалохаюцца. А нашыя званы акурат як рэйка звоняць.
Незнаёмы: — Тады добра. Ты толькі не звані доўга, каб не праверылі, бывае, пабягуць да царквы.
Гарбуль: — Варта сказаць, дзе будзеце, што перад вайною званы на званіцах, самі як на хаўтурах званілі…
Незнаёмы: — Гэта добра, удала сказана.
Мышкін: — Да царквы ноччу не пабягуць, а вось раніцою варта намякнуць ім, каб пашлі праверыць, ці не званіў хто наўмысьле, ці няма сьвежых сьлядоў. Яны пойдуць, а сьлядоў ня будзе.
Незнаёмы: — І гэта вельмі ўдала. Пара ісьці.
Мышкін: — Пара. Як рабіць — вы самі ведаеце. Пра паперку толькі, каб ні-ні-ні! Няхай яны вам пра яе раскажуць.
Незнаёмы: — Не палохайцеся. Зраблю, што трэба. Пасьля сьнеданьня, ці так да полудню я павінен зьнікнуць, дык вы ўжо не празявайце моманту. Пра мяне вы ў вёсцы толькі праведаеце, што быў, што казаў, які сам я… Хадзем…
Гарбуль з незнаёмым пайшлі праз поле ў вёску. Мышкін пастаяў крыху на танках і вярнуўся ў хату.