Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сябе! Забівайце комуністаў і комсамольцаў і іхных агентаў! Разбурайце саўгасы, колгасы і комуны, палеце іх! Палеце коопэратывы! Бярэце свае ўклады з ашчадкас, прадавайце облігацыі пазык, не вязіце ў горад ніякіх продуктаў і хлеба! Комуністычнай уладзе засталось існаваць нядоўга. Бог і цывілізаваныя народы Эўропы не дапусьцяць далейшых зьдзекаў над вамі. За намі сіла ўсіх эўропейскіх дзяржаў, якія ўжо ідуць нам на дапамогу. Дык даволі цярпець зьдзекі! Імем бога і вашага ўласнага шчасьця заклікаем вас: організуйцеся, не давайце комуністычнай уладзе чыніць над сабою гвалтаў і зьдзекаў!

Перачытаўшы гэта, перакажэце ўсё, што напісана тут, сваім крэўным і блізкім добрым суседзям“.

На паперы ня было ніякага подпісу. Калі скончылі чытаць, да студні падышоў Камека і адразу пачаў чытаць напісанае ў паперцы. Сяляне маўчалі, пакуль ён скончыць. Калі-ж скончыў і пытліва зірнуў у твары сялян, хтосьці сказаў:

— Нехта ноччу мусіць наклеіў, чужы…

— Ды ўжо-ж не свае клеілі. Напісана вунь як, — дадаў другі.

Камёка выняў з кішэні ножык і пачаў адклейваць, саскрабаць са стралы паперку. Сяляне не разыходзіліся. У многіх з іх унутры нарадзілася трывога, выкліканая тым, што пачулі. Палохала пагроза вайны і страшныя словы, напісаныя на паперы. А да ўсяго, дзесьці глыбока ўнутры адразу ажыла і трывога перад тым нязнаным жыцьцём, што будзе ў колгасе. Усхваляваны і ня ведаючы што рабіць далей, стаяў каля студні Камека. Да яго падышла старая жанчына. Тое, што яна пачула ля студні, абудзіла ў ёй незалечаныя яшчэ сумненьні, з якімі яна ішла ў колгас. Яна прыпомніла ўчарайшую і ранейшыя яе сваркі з Гарпінаю за малако, прыпомніла і тое, што Камека абяцаў прыйсьці і разабраць усе гэтыя сваркі і ня прышоў. Таму яна адразу, як толькі падышла да студні, запытала ў Камекі:

— А як-жа, таварыш Камека, будзе з малаком, ды маселкам, а? Калі-ж гэта ўжо разьбярэцца?

Камека ў гэты момант думаў зусім пра іншае, ён думаў пра толькі што прачытанае, думаў што зрабіць, каб растлумачыць сутнасьць напісанага на паперцы. І таму, нэрвуючыся, адказаў жанчыне:

— Ды кіньце вы гэтае малако, ды масла! Ніколі ўжо мусіць не забудуцца на яго…