Сяляне стаялі маўклівымі. І толькі пасьля Клімавых слоў Ашурак Пётра з сярэдзіны паціху сказаў:
— Яно правільна, таварышы, што нас палохаюць, усяк палохаюць…
— А ня трэба верыць усякім плёткам, — адказаў Клім. Ашурак больш не сказаў нічога. А хтосьці другі прамовіў:
— Мы цёмныя, усяго мы баімося, самі сябе нават баімося часам.
А яшчэ праз два дні кавалі з Цярэшкавага Броду паехалі.
Раніцою на страле каля студні зьмецілі моцна прыклееную да яе паперку, з друкаванымі машынкаю словамі. Адразу-ж пасьля гэтага каля студні зышлася амаль уся вёска і адзін з пісьменных пачаў чытаць надрукаванае на паперы. Як толькі пачаў чытаць, цень спалоху лягла на твары людзей. Яны зашапталіся паціху, пасьля сьцішалі адзін аднаго і слухалі.
Усім адразу стала зразумелым, што паперку гэту наклеілі ноччу і наклеілі якіясьці чужыя людзі.
„Каб выйсьці як-небудзь з таго стану — чытаў селянін, — у якім апынулася краіна, комуністычная ўлада яшчэ больш пасіліла свае гвалты над рабочымі і сялянамі. Гэтым гвалтам ня будзе канца датуль, пакуль будзе існаваць сама ўлада, якая іх ўтварае.
Гэтая ўлада цяпер заганяе гвалтам селяніна ў колгасы, дзе яго пазбаўляюць усяе маемасьці і робяць простым сваім парабкам. А з тымі, хто ня пойдзе ў колгасы, комуністы расправяцца яшчэ горш, яны конфіскуюць гаспадарку тых сялян і вышлюць іх у Сібірскі край на пэўную ўжо галодную сьмерць.
Але ня лепшая доля чакае і тых, хто пойдзе ў колгас. Яны будуць простымі парабкамі комуністаў. Адабраўшы ў селяніна яго ўласнага каня, яго ўласных кароў і ўсю ягоную жывёлу, адабраўшы ў яго ўласны яго кут, дзе ён радзіўся і рос, марачы аб лепшай долі, — комуністы будуць плаціць яму ў колгасе за цэлы дзень цяжкае працы жабрацкія грошы. А каб пражыць і пракарміць сям’ю, дзяцей сваіх, ён павінен будзе за гэтыя-ж грошы купляць у іх кавалак свайго ўласнага, ім-жа самім, сваімі мазалямі здабытага хлеба.
Што-ж рабіць селяніну, каб пазбавіцца гэткае долі? Ёсьць адзін шлях для гэтага — шлях організацыі ў паўстанцкія атрады для змаганьня з комуністычнай ўладай.
Годзе верыць комуністычным агентам, што езьдзяць па вёсках і робяць сваю страшэнную д’ябальскую справу! Лавеце і забівайце іх, не давайце ім абманваць