Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, а вас як гэта, — запытаў адзін з сялян, — казна паслала, каб мужыку пасабіць, ці так як?

— Ага, а то-ж, — азваўся другі, — працуюць людзі, а мы і ня ведаем, мо-ж заплаціць што трэба, дык сабралі-б… агулам… людзі-ж рабілі столькі…

Сяляне настарожыліся, чакалі, што адкажуць кавалі. А можа і сапраўды трэба плаціць? І многія прыкідвалі ў галаве, вылічвалі, колькі прыпадзе на іхную долю.

Над кузьняй віецца, мітусіцца клубкамі шызы дым. Каля кузьні самай, каля сьцяны тэлеграфны слуп і ад ветру дрот на слупу бесьперастанна гудзе: гу-у-у, гу-у-у, гу-у-у, гу-у-у… Незмаўкае. Гул гэты нібы далёкія, далёкія гудкі. Клім зірнуў на сялян, сказаў штосьці Іцку і выйшаў з кузьні і адразу загаварыў:

— Вось дзядзька пытае, як мы працуем? Я скажу і пра гэта. А раней троху праўду вам скажу, дык вы за яе не сярдуйце.

— Мы чаго-ж, — адазвалася некалькі галасоў, — мы праўды не баімся, праўду кажы…

— Дык вось я і скажу, — прамовіў Клім. — Мы ведаем як вы баяліся, што не аддадуць вам плугі, як дасьцё ладзіць, баяліся і таго, што багата за работу плаціць прыдзецца. З гэтае-ж прычыны іхто з вас не хацеў нас у хату да сябе ўзяць; казалі, што не патрэбна вам брыгада. Але гэта нічога, гэта прайшло. Мы, вось я і таварышы мае, разумеем, што вы не ад сябе гэта, што вас напалохалі. Ёсьць такія людзі, ворагі нашыя і вашыя, яны супроць колгасаў розныя плёткі пускаюць, яны страшаць селяніна колгасам, як колісь папы страшылі пеклам… Ня трэба верыць гэтым людзям. Мы не нажывацца да вас прыехалі. Нас сюды партыя і рабочыя прыслалі, каб пасабіць колгасу вашаму падрыхтавацца да сяўбы, мы вашае жыцьцё за гэты час блізка ўбачылі, больш пазнаёміліся з ім. Яно нядобрае, трэба жыцьцё другое, новае рабіць, не такое. Для гэтага вы зьядналіся ў колгас. А будаваць вам новае жыцьцё будуць дапамагаць вам і партыя і ўлада і рабочыя. Хочаце вы, ці не? Казаў ён усьміхаючыся, — а рабочыя будуць прыяжджаць, як і мы вось і будуць дапамагаць вам, каб вы хутчэй выйшлі з гэтага цяжкага, цёмнага жыцьця, каб хутчэй забыліся на яго… А на вас мы ня злуем, мы ведаем, што вас плёткамі рознымі напалохалі, што ня самі вы гэта…