— Прыблудзіў да каго-небудзь і ўсё. Гэта часам бывае. Трэба пра гэта абвестку ў газэтах надрукаваць.
— Я ня ведаю як гэта зрабіць.
— Адну хвіліначку. Зараз-жа і зробім. — Асьцюк вырваў з блёкноту кавалак паперы і нарыхтаваўся пісаць. — Вось… Зблудзіў сабака пароды понтэр. Поўсьці… якой?.. знацца белай, Вушы?..
— Жоўтыя вушы.
— Вушы жоўтыя… На сьпіне ў яго ёсьць што?
— Дзьве невялічкія жоўтыя плямачкі.
— На сьпіне невялічкія жоўтыя дзьве плямкі. Хвост які?
— Адсечаны…
— Хвост адсечаны…
— А на пысе белая плямачка…
— На пысе белая плямка… Больш нічога асаблівага?.. Дык напішам: таго, хто знайшоў, просім зьвярнуць за ўзнагароду па адрасу… прыпішэце і ўсё.
— Вы думаеце, што ён знойдзецца? А які добры сабачка, які разумны!..
— Гэта ў абвестку, Лізавета Піліпаўна?
— Не. Ха-ха-ха, які вы… сабачка сапраўды разумны вельмі быў.
— Знойдзецца, ня сумуйце.
Тым часам за гутаркай скончылі вячэру. Пацяруха адсунуў сваё крэсла і ўзяў газэту. Жанчыны пачалі прыбіраць са стала. Асьцюк закурыў. Зацягнуўшыся папяросай, узяў яе ў пальцы і ўзьняў над галавой.
— Які смак, які смак! А каб-жа сказаў першага гатунку, дык не, толькі танная «розкурочна». Што значыць цяжка дастаць? Смачней робіцца… Што ў газэце новага? — зьвярнуўся ён да Пацярухі. — Я, прызнацца, неяк адвык ад іх, апрыкрала чытаць адно і тое-ж вечна… правыя, левыя, памылкі, цяжкасьці, выканалі, перавыканалі… Сапраўды як пачытаеш, дык цяжка робіцца.
— І сёньня тое-ж, Яўмен Антонавіч. Першы артыкул аб памылках. На другой старонцы цэлы ніз пра опортуністаў і дробязь розная…
— Яны і тыя ж, значыць… самі вінаватыя, а на апортуністах выяжджаем. Ведаеце, Сымон Сымонавіч, я гатоў галаву аддаць адсекці, што хутка опортуністаў знойдуць і на фабрыцы швэйнай.
— А што? — зьдзіўлена і з зацікаўленасьцю запытаў гаспадар.