Па вуліцы, праз якую Асьцюку трэба было перайсьці, рушылі густою колёнаю дэмонстранты. Яны несьлі чырвоныя, вышытыя пазалочанымі літарамі слоў сьцягі і белыя з фанеры і паперы плякаты з лёзунгамі. Чырвань сонечная плыла па сьцягах, па тварах і вопратках людзей і ўсё залаціла.
Людзі ў колёнах ішлі сур’ёзныя і задуменныя. Ішлі не пасьпеўшы перапрануцца. Уперадзе колёны і дзесьці пасярод яе гралі оркестры. Людзі сьцішалі крокі насупроць двохпаверхавага дому і ўсе, тысячма вачэй пазіралі ўгару на балькон. Там стаялі такія-ж людзі, з такімі-ж сур’ёзнымі і задумённымі тварамі. Яны пазіралі ўніз, на дэмонстрантаў і насустрач ім з балькону кідалі кароткія лёзунгі. У адказ ім па ўсёй колёне кацілася «ура» і новыя лёзунгі. Зноў «ура» і «ура» зьлівалася з гукамі оркестраў і сьпеваў. А на тротуарах, з абодвух бакоў вуліцы шчыльна стаялі людзі.
Колёны ішлі шчыльнай сьцяной. Параўняўшыся з двохпавярховым будынкам яны ўздымалі вышэй сьцягі і гучней і радасьней крычалі ў адказ лёзунгам з балькону свае лёзунгі:
|
Хай жыве рабочая кляса! |
Абодвы лёзунгі, кінутыя адзін з балькону, другі з колёны дэмонстрантаў, зьліваліся пасьля ў магутных крыках «ура» ў адно непадзельнае.
У вялікай колёне дэмонстрантаў ішоў асобна, са сваім оркестрам, са сваімі сьцягамі, мэталюргічны завод. Уперадзе колёны, кульгаючы, шырока махаючы рукамі ішоў Сідар, а за ім, займаючы шырыню вуліцы, рушыла заводзкая колёна. Калі колёна параўнялася пярэднімі радамі з двохпавярховым домам, Сідар завярнуўся тварам да колёны, мятнуў угару шапкай і тады з колёны паляцела да балькону разьмерана, крок у крок:
Хай жыве баль-ша-віц-кая пар-ты-я!..
і ўсьлед за гэтымі словамі дзьвёхтысячная колёна ўзьнялася да балькону шматгалосым ура, мятнула ў паветры рукамі, а Сідар зноў пашоў уперадзе, кульгаючы шырока махаючы рукамі.
Гойдаюцца над колёнамі залочаныя ў чырвань сьцягі, бялеюць плякаты і крычыць у вуліцы дзесяткамі лёзунгаў. Колёне няма канца.