— Трэба? — запытала спыніўшыся Кліміха. — Трэба? А есьці ня трэба?
Яна спынілася на момант, зірнула на жанчыну, на прыказчыка і тады пашла, гаворачы на хаду:
— Соцыялізму будуюць… Дабудаваліся, няма куды больш ужо…
Мятнулася з крамы і за дзьмярыма зразу спынілася. На тротуары загарадзіў ёй дарогу п’яны мужчына. Ён абапёрся рукой на яе плячо, потым адхіліўся да сьцяны і, дыхаючы ў твар ёй густым пахам гарэлкі, сказаў, паказваючы на чаргу:
— Да чаго дажыліся, грамадзяне праваслаўныя? Чаго дачакаліся за воляй, гэтай, а? Варта вам, варта, ня будзьце авечкамі…
Кліміха спынілася зьдзіўлена, потым аднесла руку і з усяе сілы штурханула п’янага ў грудзі.
— А ты чаго тут шляешся, гад ты праваслаўны, п’яніца ты няшчасная! У астрог цябе, гада, даўно трэба за гэткае!..
Сказала гэта, павярнулася і таропка пашла па тротуары каля чаргі. П’яны ад штуршка абсеў на сьцяну, але ня ўпаў, затрымаўся, а потым пашоў хістаючыся каля чаргі па бруку, і, паказваючы, на Кліміху, замармытаў да жанчын:
— Ого-о-го! Салдат, а ня баба… далібог-жа салдат, а ня баба… здаровая… як піхнула, брат мяне-э…
Гэта быў дзень нараджэньня Лізаветы Піліпаўны, Пацяруховай жонкі. Яшчэ ў дзень, калі Асьцюк сядзеў за нейкімі паперамі ва установе, да яго званіў Пацяруха і ўспомніў, што а восьмай гадзіне ў яго вечарынка. Асьцюк пацьвердзіў яго згоду быць на вечарынцы і пачаў думаць, які-б падарункам купіць Лізавеце Піліпаўне. А пасьля полудню ў харчэўні, ён забег на некалькі хвілін дадому, узяў портфель і пашоў па крамах. Па дарозе парашыў, што купіць для імяніньніцы альбом і дарагіх цукерак, а для усіх, хто будзе на вечарынцы, віна. Так і зрабіў. І ўжо а шостай гадзіне сьпяшаўся дадому, каб падрыхтавацца і сваячасова пайсьці на вечарынку.
Сонца заходзіла. На горад падалі яго апошнія, поўныя густой чырвані, праменьні. Чырвань расплывалася па чорных дахах камяніц дамоў, па жоўтых рыштаваньнях на новых будоўлях, па шэрым бруку вуліцы і ўсё залаціла.