чыма, пазяхне і тады загудзе, загаварыць усімі сваімі каменным целам.
У вуліцах лётае ранішні сьцюдзёны вясеньні вецер. Маўкліва, што муляры ў адпачынку, стаяць ў белых запэцканых вопратках старыя камяніцы. Высока ўзьняліся побач з імі, прыбраныя ў тканіну рыштаваньняў, чырвоныя з сьвежаю цэглаю сьцены новых дамоў. Уздоўж вуліц пракапаны каля тротуараў глыбокія вузкія канавы. Па вуліцах, ля канаў, ляжаць паскамі ўзгоркі сьвежага, зацьвярдзелага на марозе, пяску. На пяску ляжаць цяжкія, сьветлашэрыя каналізацыйныя трубы з бэтону. Па другім баку вуліцы, каля тротуара ляжаць цяжкія, чорныя трамвайныя рэйкі. Гадзіньнік са старой вежы на пляцу Волі паказвае толькі пачатак чацьвертай.
У вуліцы ля дзьвярэй магазыну гатовае вопраткі сядзіць на зэдліку вартавы. Ён завярнуўся плячыма да ветру, схаваў твар у высокі каўнер новага армяка і, схіліўшы голаў на дзьверы, дрэмле. Сіліцца заснуць, але заснуць ня можа, бо па тратуары ідуць ужо, сьпяшаючыся, адна за аднай жанчыны і становяцца ў чаргу ля суседняе продуктовае крамы. Адтуль далятаюць да вартавога галасы іхняй гамонкі і перабіваюць сон. А старому вартаўніку вельмі-ж хочацца спаць. Ён сплюскае вочы і павольна, ахутаны цяплынёю пад армяком, спускаецца, так здаецца яму, на ложак і пачынае нешта сьніць. Аж тут, акурат, калі пачала плесьціся прыемная вяроза сну, загаманілі голасна над самым вухам жанчыны і ўсё адразу зьнікла, а вочы ўбачылі пабелку сьцяны магазыну жоўты вушак дзьвярэй. Тады ён мармоча сабе пад нос:
— У-у, каб вас немач, ночы на вас няма, цэлую ноч у чарзе стаіцё!
І зноў сплюскае вочы, але сон ужо не вяртаецца, чарга дарасла ўжо да яго і над галавой збоку ня сьціхае жаночая гамонка. Вартаўнік пасядзеў яшчэ крыху з заплюснутымі вачыма, думаў задрэмле, потым узьняўся, адхінуў каўнер і пачаў хадзіць па тротуары каля чаргі. А чарга нарастае і робіцца з гэтым маўклівей. Недаспаўшыя жанчыны прыходзяць у чаргу нашча і таму хутка здаюцца ў палон млявасьці, стомы. Яны змаўкаюць, шукаючы месца, каб хоць крыху прысесьці, ці каб зручней абаперціся на сьцяну камяніцы.