загадваюць і людзей падуладных, каб ніколі ўжо ня было зьдзекаў чалавека над чалавекам.
Яна прышла, неабдымна вялікая сваімі мэтамі і недасяжна высокая ў сваіх імкненьнях, бо ніколі і нідзе яшчэ чалавецтва не дасягала такіх вышынь. Прышла поўная любві і нянавісьці, кары і літасьці, поўнай нязьмернай сілы разбураць і будаваць і многае парушала з таго, што склалася вякамі. Парушаючы векавыя традыцыі, яна няшчадна ірвала ланцугі старога і вызваляла людзей. І таму яна адных абрадавала, другіх зьдзівіла сьмерцю сваіх імкненьняў, у трэціх абудзіла надзею, у чацьвертых страх і схаваную нянавісьць да сябе у пятых адкінула ад сябе, як непатрэбнае.
Яна ня была апранута ў лёгкія элястычныя вопраткі, якія так да спадобы людзям. Яна пазбаўляла людзей на нейкі час спакою, да якога яны так ахвочы. І людзі, звыклыя да няволі, баяліся вольнасьці, часта шкадавала парваных ёю ланцугоў. Гэтыя ланцугі часам здаваліся людзям мякчэй за яе вопратку. Людзі бачылі жорсткае і ня бачылі яе велічыны, бо прызвычаіліся яны бачыць толькі тое, што ня вышэй звычайных узгоркаў за ваколіцамі іхняга існаваньня; веліччу іхняй людзі прызвычаіліся захапляцца. Было цяжка бачыць яе вышыні і было страшна перад вялікім. Яны прызвычаіліся слухаць і захапляцца гурчэньнем роўнага бегу ручаёў сваіх дзён з невялічкімі ўздымамі і спадамі, і таму іх палохае веліч кіпучага струменю жыцьця.
Такой прышла яна і сюды, на загоны.
Яна несла людзям вызваленьне ад самага страшнага рабства — рабства ў сваёй уласнасьці. Адны ішлі за ёю, апазнаўшы волю, другія імкнуліся ісьці і ня мелі моцы. Трэція, поўныя страху і нянавісьці да яе, хаваліся і забівалі чалавека — яе пасланца.
Яна-ж, вялікая, непераможная і перамагаючая ішла і руйнавала, каб будаваць.