кой у гэты час неўзаметку зайшоў Асьцюкоў знаёмы. Ён падышоў да Асьцюка і крануў яго за плячо.
— Дзень добры! Чаго ты тут стаіш і… што гэта з табою? Чаго ты такі вялы?
— Сам ня ведаю, чаго стаю. Учора даслалі паперку. Вось выклікалі роўна на дзевяць, а цяпер вось палова на дзесятую, а іх нікога няма, парадкі ў нас, каб іх чорт узяў.
— З вучразьмерку?
— Ага.
— Ну, дык вітаю, Яўмен Антонавіч.
Асьцюк зьдзіўлена зірнуў на знаёмага, не разумеючы, што той хоча сказаць.
— З чым гэта ты мяне вітаеш? — запытаў ён.
— З паездкай у вёску, на фронт колектывізацыі.
Асьцюк маўчаў. Ён аб нечым здагадаўся. І ад гэтага адразу сапсаваўся настрой. Ён мэханічна ўзяў са стала асадку і памачыў пяро ў атрамант. Пасьля гэтак-жа мэханічна ўзяўся пальцамі за пяро. Потым зірнуў на пальцы, запэцканыя ў атрамант і злосна адкінуў асадку на стол. Пальцы выцер аб палу палітона.
— За гэта я ім вялікае дзякуй скажу, — прамовіў ён. — Нарабілі там чорт ведае чаго, а ты едзь, расхлёбывай.
— Дык паедзеш, ды наладзіш, дзе ня так што. Для гэтага і пасылаюць.
— Я не перагінаў.
— Ну, ды што-ж?
— А тое, што трэба цьвярозую політыку весьці. А ў нашага начальства, браце, гэтае цьвярозасьці бракуе відаць. Хіба не папярэджвалі гэтага? Хіба матэрыялаў ня было належных, якія паказвалі становішча вёскі? Усё, брат, было. Я вось, хоць сваю дакладную запіску бяру. У ёй я сыгналізаваў, што да гэтага можам прысьці.
— Да чаго гэта гэтага? Прышлі да колгасаў. У іх работы багата, трэба замацоўваць, вясна ідзе.
— Во, во. А перагіны?
— Ну, перагіны былі, трэба-ж і іх выпраўляць. А што ты там пісаў — глупства.
— У вас усё глупства. Я думаў, што ты крыху сур’ёзьней…