гэтага чакалі? Я ўспомінаю ранейшыя свае гады. Як я ўсё ідэалізаваў! Як я ўсім захапляўся, усяму пляскаў. Адно гарачае слова і мяне аж падмывала. На ўсё здолен быў пайсьці… Так багата з кім было. Да нейкае пара чалавек на ўсё гэта нашае пазірае праз акуляры ідэалізацыі, асабліва моладзь, якая ня ведае старых часоў. Яна ўяўляе ўсё мінулае, як бясконцыя жудасьці. І таму так лёгка мірыцца з сучасным, як яно ёсьць. А потым, як падрасьце чалавек, як улезе ў яго душу са сваімі гострымі копцюрамі жыцьцё, ды як вышкрабе гэтую ідэалізацыю, дык у чалавека адразу крызіс, трагедыя, нічога ён тады не разумее. А хіба я не перажываю гэтую-ж трагедыю?
— Вы, Сымон Сымоныч, занадта пэсымістычна да ўсяго ставіцеся, так нельга. Патрэбна раўнавага ў поглядах, гэта самае лепшае, — параіў гаспадар.
— Ну, во. А я сам, дык лічу сябе оптымістым яшчэ, бо ў іншых гэта глыбей у нутро пралезла. Я багата пра ўсё гэта думаў. Да чаго мы ідзем? У краіне цяжкі крызіс, заняпад, а мы ня прызнаем, у нас усё толькі часовыя цяжкасьці. Усё на цяжкасьцях выяжджаем. А калі яны скончацца? А што ў вёсцы робіцца? Прыслалі да нас аднекуль з-пад Масквы работніка, ён інструктарам, дык што апавядае. Гэта-ж жудасьць. Прыходзіць у адну хату, а на памосьце сядзіць апухлы стары і есьць з карыта мякіну, звар’яцеў ад голаду.
— Няўжо? Божа!.. — ускрыкнула Аўгена Сьцяпанаўна.
— Цэлыя сем’і пухнуць з голаду, — расьцягваючы словы сказаў Пацяруха, — і гэта ў вёсцы. І гэта-ж не васемнаццаты год! Як партыец, я хварэю за гэта, а сказаць нічога не магу.
— А інструктар той ваш пісаў-жа мусіць нешта, гаварыў?
— Пісаў. Ён напісаў вялікую справаздачу, але яе ўзялі ў паперы і засэкрэцілі.
— Страшэннае вы ўсё, Сымон Сымонавіч, гаворыце. Ня трэба вам так гаварыць, можа нядобра быць.
— Я не магу, як партыец, у мяне сэрца баліць.
— Роўнавага патрэбна, — зноў параіў гаспадар, — самае галоўнае ў жыцьці, — роўнавага.
— Гэта і пяройдзе мо’ хутка, возьмуць дзе і дадуць галодным, — зрабіла сваю заўвагу гаспадыня.