седа. Сьлязьлівымі, упалымі вачыма, пазірае яна на суседаў стол і, працягваючы руку, просіць для дзіцяці хоць маленькую скібачку хлеба.
Табе шкода іх? Ты хочаш пайсьці адсюль, каб ратаваць сына і жонку? Ха-ха-ха! Дзівак! Ён забыўся, што ня мае на гэта ніякага права. Забыўся, што яго месца тут і, пэўна, забыўся, што яму загадана спаткацца з чалавекам у зялёным шынэлі і забіць яго, каб была мажлівасьць радавацца, слухаючы музыкаў, і піць віно тым, хто п’яны ад шчасьця. Дык як-жа ты асьмеліўся жадаць пайсьці да сына і жонкі» Тваё месца ня там, каля іх, а тут. Дык ідзі-ж уперад, сьпяшайся адшукаць чалавека ў зялёным шынэлі. Ты ня хочаш?.. Ах, дзівак, дзівак. Які ж ты сьмешны! Да хто-ж табе даў такое права, каб не хацець? Ха-ха-ха…
Страшыдлы падпаўзаюць бліжэй да чалавечае постаці, высалупваюць у яе бок свае палымнеючыя узыкі, злосна сіпяць, дыхаюць на яе атрутамі, дражняць яе і рагочуць над яе бясьсільлем…
Над полем, лесам, над балотамі плывуць, занятыя толькі самімі сабою, мутныя хмары. Па зямлі, у перагонкі з вятрамі, носяцца белыя мяцеліцы. А сярод поля, лесу, пасярод балот, туляцца нізка да зямлі, параскіданыя кучкамі, цёмныя, брудныя, маленькія хаткі і ў іх — чалавек, істота самая моцная і самая кволая з істот прыроды, самая разумная і самая бездапаможная, каб пазнаць самога сябе — чалавека.
У чалавека доўгія косы на галаве, сьветлыя ясноты неба і сінія, як яно, вочы. Чалавек, які жыве чорным хлебам напалам з асьцюкамі і мякінай ды бульбай. Чалавек, прыкаваны ланцугамі адвечнае спадчыны, што пераходзіла ад дзядоў да бацькоў і ад бацькоў да сыноў, — да сваёй уласнай вузенькай палоскі поля, да свайго ўласнага дзядзінца, свайго ўласнага разбуранага хлева і сваёй уласнай цёмнай, поўнай гразі і бруду, хаты.
Чалавек, які жадае лепшае долі і ня ведае, дзе яна; які бескарысна ўвесь век свой выпрашвае гэтую долю то ў царкве, уторачы ўсьлед за бацюшкам, словамі малітваў, што аддаюць культурным багом праваслаўя і католіцызму, то кланяючыся ў адзіноце ў полі, спаленаму маланкай, чорнаму дубу, то молячыся вадзяніку, што выходзіць на яго зямлю ў туманавых вопратках.
Чалавек, які да ўсіх гаворыць сваёй мовай і якому ніхто і ніколі гэтай мовай не адказваў.