— Уй, які ты здаровы… Нельга-ж…
— Па вёсцы нашай плёткі розныя ходзяць, — сказала яна, — да майго Макара дайшлі ўжо. Гавораць, што я з табой гуляю. — Яна ўсьміхнулася. — Што праз гэта і за колгасы я гавару. Гавораць, а мне толькі сьмешна неяк. Зусім я гэтага не баюся. І ведаеш, — працягвала яна, — я гэта так, па праўдзе табе скажу, мне неяк на зло ім хочацца, каб так было, як кажуць. З гэтага наўмысьля з табою сюды пашла… А мне лепш, мне добра з табою.
Змоўкла і прыгарнулася да Панаса, падставіла для пацалункаў твар. А ён цяпер бачыў толькі яе шыю, плячо, закрытае тонкай сітцавай кофтай і ўсё мацней, мацней сваімі губамі ціснуў яе чырвоныя, пругкія губы. Цалуючы адчуваў, як часта забілася сэрца, як уздымаюцца і спадаюць пад тонкай сітцавай кофткай яе грудзі і схіліў яе на падушку. Яна чакала гэтага і не працівілася, толькі мацней сьціскала рукамі яго шыю. Яна сама, зараней прадумаўшы ўсё, прышла да яго, прынесла яму сваё, даўняе, маладое каханьне. І калі зблудзіўшая Панасава рука дакранулася да яе гарачага калена, Галіна адкінула на падушку голаў і сказала, гладзячы яго па галаве.
— Я для цябе аднаго шчадзіла сябе, доўга шчадзіла, а ты ня прышоў…
За лесам далёка хавалася вялікае, пазалочанае чырваньню, сонца. Позьні промень ягоны яшчэ заглянуў праз акно ў пакой, і затрымаўшыся на хвіліну на цёплай печы, папоўз па белай бліскучай кахлі ўгару, пад столь і там зьнік.
Як віталіся, Галіна сказала:
— Ты ня ідзі са мной, ня трэба, я адна, а то яшчэ ўбачаць… каб толькі Макар ня ўведаў, што я з табою вось так ужо… Я яго не баюся, але сварак ня люблю ягоных, абрыдзелі ўжо… Ён здагадваецца пра нас, але ня ведае. Цябе ня любіць, праз гэта ён ніколі ў колгас ня пойдзе…
Зноў і ўсё ў той жа хаце зьбіраўся сход. Панас вышаў на ганак закурыць. Усьлед за ім выйшаў немалады мужчына і таксама пачаў круціць папяросу. Як закурыў, дык падаў запалку Панасу.