ад цэнтру раёну. У раёне гавораць, што тут да апошняга самага часу амаль ня было савецкае ўлады. Тое-ж, пэўне, можна сказаць і пра ўвесь раён. Ва ўсім раёне толькі дзьве парт’ячэйкі. Адна ў цэнтры, у вёсцы, дзе РВК, а другая, кандыдацкая група, а не ячэйка, у комуне. Тут усяго адзін член партыі, ды чатыры кандыдаты. Праўда, затое ячэйка комсамольская налічвае дванаццаць чалавек, але і гэтая комуна ад майго сельсавету вельмі далёка.
Людзі з раёнаў да апошняга часу ў сельсаветы траплялі рэдка, толькі ў часе перавыбараў, ды яшчэ калі падатак зьбіраюць. Цяпер, праўда, бываюць часьцей, але сяляне да прыежджых ставяцца недаверліва, насьцярожана, бо сярод сялян вядуць работу другія людзі, ня нашыя. І ўсё-ж вёска зьмяняецца. Людзі пачалі больш думаць, гаварыць.
Усе, ведаеш, усе і скрозь гавораць цяпер пра колектывізацыю. Слова «колгас» самае распаўсюджанае цяпер. Гэта — бактэрыя. Яна бударажыць. Але з тае прычыны, што мы ў вёсцы мала працавалі, а ворагі нашыя пастараліся зрабіць сваё, — колгас у разуменьні вельмі многіх яшчэ, гэта нешта страшнае, гэта амаль прыгон, паншчына. Трэба вельмі багата працаваць, каб пераканаць, што гэта ня так. З гэтае прычыны я выпрацаваў сабе ўласную тактыку. Я хучу дабіцца стварэньня колгасу спачатку ў Цярэшкавым Бродзе, а потым ужо і ў другіх вёсках. Растлумачальную работу мы сіламі сельсавету і настаўнікаў вядзем ва ўсіх вёсках, але галоўную ўвагу я концэнтрую на Цярэшкавым Бродзе. І ўжо цяпер адчуваю, што колгас тут будзе. Ужо вызначаюцца патроху і людзі, у будучым колгасьнікі.
Вёска ўзбударажана (я ня толькі пра Цярэшкаў Брод кажу, а наогул пра вёску) і цяпер ужо жыць па-старому яна ня будзе. Я ня думаю, што вельмі лёгка і гладка пачнецца новае, але для мяне зусім зразумела, што па старому ўжо ня будзе. Рэволюцыя сваімі ідэямі і разуменьнямі прапітала глыбока ўсе нават самыя глухія куткі. Скрозь расьце новае, расьце бурна. І ўсё-ж перарабіць жыцьцё, ня так лёгка. Перарабіць наш завод, пабудаваць новы, таксама было нялёгка. Перарабіць жыцьцё, людзей значыць, цяжэй. Бо калі на новым заводзе старыя людзі, то на гэтым заводзе, разам з людзьмі вельмі багата і таго, што перанесена людзьмі ў нашыя часы ад старога жыцьця. Тут, у вёсцы, яшчэ цяжэй. І ўсё-ж ідэі і пляны, пра