Толькі скончыўшы ліст Панас адчуў, што зьмёрз. Каб нагрэцца, пачаў хадзіць па пакоі. Ходзячы насьвістваў мэлёдыю вельмі знаёмай песьні, але слоў гэнай песьні ніяк ня мог прыпомніць. Вось-вось дзесьці шавеляцца ў памяці гэныя словы і ніяк ня можна прыпомніць іх. Панас перастаў сьвістаць, напруджваючы памяць і тады заўважыў, што ў кватэры за корыдорам ужо даўно пануе глухая цішыня, там даўно ўжо сьпяць, а за акном стаілася густая ноч. Падышоў да акна, спыніўся і прытуліў да халоднае шыбіны лоб, узіраючыся ўноч. За акном на сьнягу сьветлая пляміна акна, на пляміне ягоны цень і далей густая цемра і мёртвыя, глухія гукі начы. Бяз дай прычыны ў нутро закраўся страх і, абдаўшы нечакана ўсё цела холадам, спачатку скаваў Панаса на месцы, потым адхінуў яго ад акна. Яшчэ не апамятаваўшыся, Панас ужо з сярэдзіны пакою зірнуў на окны, ці завешаны яны газэтамі. Убачыў газэты і супакоіўся, але яшчэ крыху пастаяў ня кратаючыся з месца, услухоўваючыся ў цішыню за акном, а потым, зьдзівіўшыся страху, усьміхнуўся і зноў сеў за стол, каб перачытаць напісанае ў лісьце. Прачытаў наступнае:
Дзень добры, Сідар! Напісаў дзень добры, а за акном ужо зусім ноч. Гэта мэханічна. Парашыў я напісаць табе ўсё, што перадумаў за гэты час.
Я тут вельмі часта ўспамінаю паседжаньне парткому, на якім было пастаўлена пытаньне пра колектывізацыю. Гэта, калі слухалі даклад, аднаго з райкомаўцаў. Як правільна ставіў ужо тады пытаньне «старык»! Зусім правільна. Процэс колектывізацыі насьпеў зусім, яго трэба організаваць і дапамагчы ягонаму росту. Гэта правільна і ў адносінах да тых раёнаў, дзе яшчэ няма ніводнага колгасу. Калі я думаю пра вёску, дык я ўяўляю яе вялізным організмам. У гэтым організьме з першых год рэволюцыі была невялікая колькасьць бактэрый, якія працавалі на нас. За гэтыя гады бактэрыі так разьвяліся, што організм пачынае зьмяняцца, набывае зусім новы выгляд. На гэтым організьме нарастаюць новыя клеткі, жывыя, здаровыя, і праз нейкі час увесь організм будзе здаровым, моцным і зусім іншым.
Дрэнна толькі, што вельмі мала сіл, людзей, якія дапамагалі-б разьвіцьцю гэтага процэсу аздараўленьня і абнаўленьня. Асабліва гэта адчуваецца ў мяне. Сельсавет, у якім знаходжуся я, самы далёкі