Чыстае, залацістае зерне цякло са жмені густым цурком і паціху браскала, рассыпаючыся па ўсім насеньні.
Клемс паціху падышоў да клеці, спыніўся каля парогу і, пазіраючы на Палашку, прамовіў пытаючы:
— Дык мо’ да дому хутка паедзем?
Палашка ўстрапянулася, высыпала адразу са жмені авёс і адказала:
— А яшчэ-ж старшыня прыдзе, распытаем у яго што-нішто.
— Пытаць няма чаго, — азваўся Клемс, але ўсьлед за другімі пашоў у комунскую сталовую, каб дачакацца Каскевіча.
У сталовай, дзед пакінуў дэлегатаў адных, а сам пашоў шукаць Каскевіча. Дэлегаты моўчкі сядзелі на ўслоне каля сьцяны і разглядалі сталовую. Насупроць іх у меншым пакоі гулялі трое дзяцей. Дзеці былі ў аднолькавых чорных паліто і ўсе былі абуты ў валёнкі. У другім баку за незачыненымі дзьвярыма была кухня. Палашка ўвесь час пазірала на дзяцей, а потым узьнялася, паціху падышла да дзьвярэй дзіцячага пакою і стала там. Дзеці стаялі каленкамі на нізкіх услонах і разглядалі кніжку з малюнкамі! Калі яны зьмецілі Палашку, дык усе адвярнуліся ад кніжкі і адзін запытаў у яе:
— Цётка, цацак паглядзець хоца?
— Ага, хачу, дзеткі, пакажэце-ж мне цацкі вашыя.
Дзеці зьлезьлі з услона і ўсе трое прынесьлі да Палашкі розныя цацкі. Палашка пазірала на цацкі, на твары дзецям і запытала:
— Чые гэта сьвіткі ў вас?
— Насыя, — зьдзіўлена адказалі ўсе ў адзін голас. — А ў цябе хіба ня цётцына сьвітка?
— У мяне свая, а ў вас казённыя мусіць…
— І ў нас свае.
— І сапкі такія ва ўсіх.
— І валёнацкі ва ўсіх.
Палашка пагладзіла рукой па шчацэ меншага, хацела ісьці назад, як нечакана гэты хлопчук запытаў у яе:
— Ты ў нас зыць будзес?
— Ага, у вас, дзеткі, у комуне.
— І мы ўсе ў комуне зывем.
— А чым-жа вас кормяць?