у гэты момант пра сябе пералічваў колькі ў хлеве кароў. Палашка абводзіла наўкол сябе вачыма, трымала палец ля губ і моўчкі лічыла.
— Аж сорак тры штукі! — зьдзіўлена праказала яна.
— Сорак тры, — пацьвердзіў дзед, — і два бугаі завадзкія.
Каровы пазіралі на зьдзіўленых дэлегатаў, цяжка саплі і перажоўвалі ежу. Палашка яшчэ раз азірнулася набок і запытала:
— А масла як? Адбіраюць ад вас?
— Хто гэта?
— Ну, а чыя комуна, хто кіруе вамі.
— Як-жа гэта хто адбярэ? Што лішняе, тое прадаем коопэрацыі, а адбіраць ніхто не адбірае.
Заўважыўшы зьдзіўлены Палашчын твар, ён растлумачыў:
— Хто-ж адбярэ, калі мы гадуем статак? Масла мы прадаем і сабе хапае. У сталоўцы пабачыце, — раніцою ў нас масла да гарбаты ёсьць і ўвечары.
Калі ішлі ад хлявоў да клеці, дзе хавалі комунары сваё дабро, Клемс застаўся ззаду ад дэлегацыі. Яму хацелася пабыць аднаму, разабрацца ў сваіх думках, параіцца з самім сабою. Ён спыніўся на вузкай сьцежцы пасярод двара і стаяў так, пазіраючы праз двор кудысьці ў засьнежанае поле, за комунскія будынкі, аж пакуль не зайшла дэлегацыя у клець. І тут, на сьцежцы цяпер Клемсу стала зусім зразумелым, што ён ужо вырашыў для сябе пытаньне, якое хвалявала яго ўсе гэтыя дні і варашыў канчаткова, хоць нідзе і нікому яшчэ не сказаў гэтага. І можа з гэтае прычыны Клемс адчуваў сябе так, нібы нешта вельмі добра вядомае яму, але чаго ён ня хоча самому сабе прыпомніць цяпер, згублена ім ужо назаўсёды.
Але, як ні дзіўна было гэта яму самому, адчуваў, што зусім не шкадуе гэтага згубленага. Было нешта другое. Няёмка было прыйсьці цяпер на сход і адразу сказаць, што ён, Клемс, згодзен з Панасам.
У клеці дэлегаты стаялі каля засекаў, слухалі дзедаву гаворку.
Палашка на дзеда не пазірала, у двор праз расчыненыя дзьверы, а рукамі неўзаметку для самой сябе набірала поўныя жмені чыстага аўсу і, падымаючы руку, сыпала авёс назад у засек.