УСТУП
Было:
вечны смутак, туга вечная і роспач…
Угары над зямлёю плывуць, занятыя толькі самімі сабою, мутныя хмары. Яны то зьбіраюцца густою талакою, то разьбягаюцца па неабсяжным прасторы неба і, апранутыя ў сьветлыя вопраткі, вандруюць па ім бязмэтна, то шчыльна сыйдуцца дзесьці за небасхілам і тады сунуцца адтуль мутнай цёмнай сьцяною, злосна грымаць і шыбаюць у асьмяглае цела зямлі гострыя стрэлы маланак.
А па зямлі бесьперастанку паўзуць вялізныя шэрыя цені. Па-над зямлёю, у перагонкі з ценямі лётаюць сьцюдзёныя, то поўныя вільгаці, то сухавеі-вятры.
Ветру многа прастору над гэтай зямлёю. Гучным шолахам лісьцяў, поўным казак цудоўных, сустракае яго густы гай; гулам зычным і тонкім, як музыка струн, праводзіць цёмны бор. Вецер нябачнымі, мяккімі пальцамі рук кратае зычныя струны стромкіх сосен і яны зьвіняць музыкай, тэй, якой жадае чалавечае сэрца.
Па ўсёй зямлі, паміж лесам і полем, ляглі шырокія багны балот, усланыя махавымі дыванамі ці бліскучымі вадзянымі абрусамі. Балоты парасьлі нізкім, рэдкім, ссохлым хвойнікам, ды дзе-ні-дзе паміж хвойніку на ўзгорку, як зблудзіўшая, стаіць сірацінаю, нізкая, скрыўленая, тонкая ад хворасьці бярозка.
Раніцою і ўвечары і позна ўначы вісяць над балотамі густыя, сатканыя з вільгаці, шызыя туманы.
Угары над зямлёю плывуць, занятыя толькі самімі сабою, мутныя хмары. Па зямлі лётаюць сьцюдзёныя сіберныя вятры. Па зямлі, уператонкі з вятрамі, носяцца белыя мяцеліцы. Па зямлі, ахутаная мяцеліцамі, ходзіць вобмацкам, блудячы, чалавечая по-