Управа ад яго ног, кучка нязьвеенага яшчэ жыта. Далей, у перадзе невялікім паўкругам мякіна, а яшчэ далей таксама паўкругам, чыстыя жытнія зерні. Зерні ляглі густа і ад таго, што чыстыя яны, здаюцца вельмі буйнымі. Клемс узяў жменю нязьвеенага жыта, пачаў перасыпаць яго з далоні на далонь. Мякіна адлятае ўбок, а на далоні застаюцца чыстыя сухія зерні. Ён памацаў зерні пальцамі, паважыў іх на руцэ і сыпануў у зьвеенае. Зерні забраскалі і зьніклі ў кучы.
«Пудоў каля дваццаці набярэцца…» — падумаў Клемс… Пасядзеў яшчэ колькі хвілін моўчкі, блукаючы позіркам на пукатым, чыстым зерні. — «А іць тады яго ў адзін засек ссыпаць трэ’ будзе, у адзін засек…»
Зноў падкурчыў пад сябе ногі, падгроб веялкай пад калены мякіну і пачаў веяць. Ад веялкі далёка адлятаюць і кладуцца прыгожым паўкругам, калі махае рукою Клемс, чыстыя зерні. У перадзе блізка паціху сьцелецца ў паўкруг мякіна.
Сьцелецца мякіна і роўна, спакойна плыве дума. Ужо ўсё вырашана, засталося толькі сказаць пра сваё рашэньне жонцы. Сказаць трэба хутчэй, не адцягваючы гэтага да апошніх дзён, бо трэба даць ёй часу пасварыцца, пабурчаць і падумаць. Думае гэта Клемс і, падграбаючы ў веялку апошнія зерні, мяркуе, як, прышоўшы з гумна, загаворыць з жонкаю, як скажа ёй самае галоўнае. І самае цяжкае Клемсу сказаць, а потым няхай злуе яна, няхай сварыцца, потым ён зможа адгаварыцца.
У хату Клемс прышоў з гумна, як зьмерклася. Жонка сказала нешта ветлівае насустрач яму і хутка паставіла на стол страву. А сама села на запечку і пачала апавядаць пра навіны, падслуханыя на вуліцы. Клемс моўчкі еў, не адзываўся на яе гаворку, некалькі разоў клаў лыжку, зьбіраючыся пачаць гаворку сваю, але не адважыўся, толькі раззлаваў і скончыўшы вячэру, пашоў паіць каня. Ад злосьці пакрыкваў на каня, што той ня п’е, а набірае ў рот вады і, жуючы губамі, вылівае яе пад ногі Клемсу. Але ў хлеве, падкладаючы каню сена, зьмяніў настрой, парашыў, што прыдзе ў хату і скажа жонцы, што трэба, а яна, хай як хоча потым, хоча маўчыць, хоча, хай сварыцца. Калі клаў сена, конь усунуў галаву ў ясьлі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. А, не знайшоўшы, пачаў церціся галавой