— Скрозь, ага, скрозь, дзе не пайдзі. У коопэрацыі, у горадзе. Летась езьдзілі, езьдзілі, угаварвалі, што даўгунец, а мы, дурні паслухалі, узялі, а як пасеялі, дык каратун вырас. А з ячмянём зноў-жа. А чорт-жа вас ведае! Па тэорыі-ж вашай ён даўгунец быў… Вы-ж усё прасьвяшчаеце…
— Яны беднату прасьвяшчаюць, а ў беднаты ад сьвятла гэтага хутка вочы на лоб павылазяць.
Панас ня зьмеціў, хто сказаў гэтыя словы і таму нічога не адказаў на іх, уважліва слухаў кароткія, крыклівыя і ціхія сказы сялян, і думаў, як адказаць на гэтыя сказы, каб сход зразумеў яго. А сход гаварыў. І ў кароткіх сказах былі і скаргі і неразуменьне і захаваная злосная гіронія.
— Раней на хутары нас гналі, — гаварыў адзін, — цяпер у колгасы гоняць.
— З нас душу выцяглі, пятлю на нас надзелі з хутарамі гэтымі.
— Як бралі каменьне вазіць, дык абяцалі і хлеба і цукру, і табакі, а цяпер кукіш, муку чорную даюць прэлую і ня ведаем мы, ці кулак нас мучыць, ці іншы хто.
— Правільна, правільна кажа!
— Чаго вы ад нас хочаце? Чаго да нас прыстаеце? — закрычала некалькі жаночых галасоў. Панас хацеў жанчынам адказаць адразу, адказаць так, каб зразумелі яны.
— Таварышы! Мы працуем, каб…
І ня скончыў. З кута каля печы мужчына крыкнуў:
— За грошы добра працуеш ты, за максымумы добра вам, а на наша месца стань!..
Панаса кальнула ў сэрца гостраю голкаю крыўды. Зьнікла думка, якую хацеў выказаць перад гэтым. Хацелася крыкнуць на гэныя словы сваімі, гарачымі, цяжкімі, але зноў стрымаўся, бо ззаду ўзьняўся стары, пераступіў праз пярэднія рады, зьняў шапку і дрыглівым голасам загаварыў:
— Я увесь век свой, таварыш, аж сорак пяць год у колектыве пражыў, а цяпер зноў вы зганяеце… — Нехта зарагатаў. Стары змоўк, азірнуўся наўкола і сеў.
— Ён у пана парабком быў, — растлумачыў нехта. Дзед пачуў гэта, зноў узьняўся, зноў загаварыў: