Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Бяднячка я, усе гэта ведаюць. Я была ў Навікох у комуне, я паспытала, што ёсьць за шчасьце ў комуне. Прывезла я ў комуну і коніка, і калёсікі, і плужок і кароўку з цёлкаю. — Яна заплакала і гаварыла далей праз сьлёзы, расьцягваючы словы. — Гнула сьпіну, гаравала працуючы ад цёмнага і да цёмнага, шчыра, сумленна, недаядала, недапівала, а там такая бядаку нашаму пашана, што калі хворы ты, дык гультай і вон ідзі… Каскевіч там над усімі пан… Выгнаў з конікам адным, з санямі паламанымі, а карову ўзялі, сьвінак узялі… Ня ведаеце? Дык я скажу, як там жывуць. Голыя, ды босыя ходзяць усе, толькі ён у боціках ды паліто, толькі ў яго пакоі, а ў комунараў вошы па сьценах поўзаюць, хлеб з прусакамі ядуць яны… Вось чаму я ад такога жыцьця ўцякла, каб ня знаць яго болей ніколі, каб ня ведаць…

— Ведама-ж, ад добрага жыцьця не пабяжыць наўцёкі чаларек, — праказаў хтосьці са сходу.

— Дзе-ж бы я ад добра ўцякла. Дзеці там голыя, босыя хварэюць усе ад жыцьця таго.

Спрачацца словамі было дарэмна і Панас, парашыў, што лепш будзе паслаць ад вёскі ў комуну сялян, каб яны паглядзелі самі, каб самі праверылі жыцьцё ў комуне. І калі сход крыху змоўк, ён запрапанаваў паслаць у Новікі дэлегацыю.

— Няпраўду цётка пра комуну кажа, наманіла багата, дык няхай дэлегаты самі паедуць і правераць, — сказаў ён.

— Ня трэба нам дэлегацыі, — закрычала зноў некалькі галасоў, — і так тое ведаем.

— Вось-жа ня ведаеце, верыце ўсяму.

— Бо так яно і ёсьць, таму і верым.

Але большасьцю сход згадзіўся з прапановаю і дэлегацыю вылучылі. Калі галасавалі склад дэлегацыі, з сярэдзіны нехта праказаў:

— Словам ня верым, бо, як кажаце, дык па тэорыі так, а на практыцы іншае, як той казаў…

Панас заўважыў таго, што гаварыў і зьвярнуўся да яго.

— Адкуль ты гэта бярэш, дзядзька?

— Бачу сам усё.

— Што? Дзе?