IX
Гэта быў трэці сход.
Панас сядзеў каля стала і слухаў уступную, перад пачаткам сходу прамову Камекі.
На дошках, прымайстраваных гаспадаром замест услонаў, шчыльна сядзелі ў кажухох, кучомках-шапках і суконных хустках сур’ёзныя і маўклівыя людзі і слухалі прамову. Панас уважліва ўзіраецца ў іхныя твары, хоча ўбачыць, адгадаць, што затоена ў думках іхных, чаго яны чакаюць ад сходу, чым скончыцца гэты трэці сход. І нічога ня можа ўгадаць. Ён бачыць перад сабою іхныя худыя, маршчатыя паўжоўклыя і бледныя твары. Бачыць на некаторых тварах буйныя каплі нездаровага поту. Бачыць іхныя вялікія, патрэсканыя, пазьбіваныя і ў мазалёх рукі, бачыць і парваныя старыя кажухі, лапленыя, парыжэлыя армякі і сьвіткі. Бачыць змучаныя, са сьлязьлівымі вачыма твары старэйшых жанчын, іхныя ногі ў лапцях, з высока закручанымі па пачосных анучах і грубых парцяных панчохах аборкамі. Бачыць і асобныя новыя, жоўтыя кажухі і сьвежыя, з чырваньню твары, але погляд не затрымліваецца на гэтых, нешта прыкоўвае яго да спацелых, бледных твараў, да худых вялікіх рук, што трасуцца, калі чалавек уздымае іх, каб расшпіліць каўнер армяка, ці зьняць шапку. Панас уяўляе жыцьцё гэтых.
Цёмныя, цесныя хаты з земляною падлогай. Бруд, гразь, напоўгалоднае існаваньне, замурзаныя, палахлівыя дзеці.
Жаданьне чагосьці лешпага, праклёны і нянавісьць да таго, што ёсьць і страх, вечны страх перад тым, што будзе.
Хочацца Панасу ўзьняцца, кінуць гэтым людзям гарачыя і цяжкія словы праўды пра іхнае жыцьцё, распаліць у іхных сэрцах веру ў тое жыцьцё, у якое так моцна верыць ён сам. Маўкліва сядзяць людзі і пазіраюць нямымі поглядамі вачэй, у якіх не адгадаць, што схавана, што затоена, ці то страх, ці то надзея, ці то просьба аб нечаканым, ці то нянавісьць да чагосьці.
«Трэба сказаць ім так, каб зразумелі, што я для іх, для іх жыцьця лепшага хочу», — думае Панас. І як толькі змоўк Камека, ён стаў ля стала і, хвалюючыся ад багацьця простых і шчырых думак, пачаў гаворыць.