Перайсці да зместу

Старонка:Сонечны паход (1929).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СЕНАЖАЦІ І ПОЛІ АСЬНЕЖАНЫ

Сенажаці і полі асьнежаны,
Рэкі высланы гладкім памостам.
Воўк з гушчару дарогай няежджанай
Бяжыць к вёсцы няпрошаным госьцем.

Лес у шлюбным адзеньні, а хмурыцца,
Ня вітае ён песьнямі раньня…
А у вёсках завеены вуліцы,
Ў мяккіх гурбах купаюцца сані.

Сівалапы гуляе пад вокнамі,
Пазірае хаціне у вочы.
Толькі ўпоўдзень, часамі, замоўкне ён,
А як вечар — у шыбы стукоча.

Дзеці пальцамі шыбы з узорамі
Размалёўваюць, тулячы плечы.
Згорнуць ў жменю сьняжыначкі-зоры
І бягуць пасмактаць у запеччы.