Перайсці да зместу

Старонка:Сонечны паход (1929).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ткала ніткамі чырвонымі,
А здавалася — шлях мілага ў крыві…
Ён нядоўга будзе заняволеным,
Радасьць хочу ў поясе завіць.

Веру хутка мілы зьвернецца,
Белавежжа шэпча мне аб тым…
Хтось у сэрца кінуў зернетка,
Каб расьці надзеям залатым.

Раптам — стук! У вочках зелена…
Шабля вострая на сонцы зіхаціць…
Трапятала птушкаю падстрэленай,
Не хацела дзеўчына з хаты йсьці.

Сум асеньнім лісьцем сьцелецца,
Каму скажаш, выплачаш каму?..
Мілага ня стрэла за аселіцай…
Павялі яе за краты-мур.

А вятры у полі забуянілі,
Ой, як птушкі плакалі ў лясох…
І дзяўчыну шабляю паранілі,
Бо чырвоны ткала паясок…

Гэта песьня сёньня складзена
Пра дзяўчыну горадзенскіх ніў…
Аб краіне, ворагам украдзенай,
Там, дзе ціхі Нёман забурліў.

|}