Там, дзе межы-разоры, —
Чырвонымі ніткамі
Тысячы першай узоры
Мы выткалі…
На загонах — белых палосах
Радкамі чарнее ральля…
Узрасьлі буйна калосьсі
Замест палыну і быльля…
Гэй, касар,
гаспадар,
зазьвіні касою,
выйдзі зьняць
сенажаць
раньняю расою.
Гэй, сяўбіт,
ёсьць прыбыт
на тваім палетку.
Будзеш жыць,
ня тужыць
і ўзімку, і ўлетку.