Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пытаньне пра актыўнае ўмяшаньне пры параненьнях лёгкага пакуль што ня можа быць разьвязана ў сэньсе абсолютных паказаньняў — опэраваць усіх, як мы гэта робім на жываце. Ва ўсякім разе, такога заключэньня нельга зрабіць на падставе зьмешчаных ніжэй лічбаў.

На самай справе Грэкаў дае гэткія лічбы: на 204 пранікальных параненьняў — 160 выпадкаў консэрватыўнага лячэньня далі 0,6 проц. сьмяртнасьці і 44 — опэраваныя — далі сьмяротнасьць 54 проц. Гарэ пры консэрватыўным лячэньні вывеў процант сьмяротнасьці ў 38-40 проц., а Стуккей на 29 опэраваных выпадкаў меў 33,3 проц. сьмяротнасьці. Бушуеў на 260 выпадаў зазначае 17 проц. сьмяротнасьці пры консэрватыўным лячэньні і 30 проц. — пры актыўным умяшаньні.

Зразумела, гэтыя лічбы патрабуюць паправак: опэрацыя робіцца ў цяжкіх выпадках, ня робіцца ў лёгкіх. Ужо гэта акалічнасьць, правільна ўлічаная, значна зьмяняе малюнак. Наяўнасьць спосабаў пнэўмопрэсіі таксама ўводзіць значны фактар у справу опэрацыйнага лячэньня і таму трэба трымацца таго погляду, што рад цяжкіх пашкоджаньняў лёгкага падлягае пры пэўных паказаньнях опэрацыйнаму лячэньню.

Трэба зазначыць на яшчэ адно пашкоджаньне, якое дае вялікую сьмяротнасьць: вытненьні лёгкіх пры цяжкіх контузіях і сьцісках грудзей. Процант сьмяротнасьці пры іх набліжаецца да 40-50 проц.

Пашкоджаньні канцавін.

Траўмы канцавін даюць параўнаўча невялікі процант сьмяротнасьці. Пры гэтым верхнія канцавіны даюць значна меншы процант, як ніжнія.

Госьпіталь Георга 1872 г. 312 ніжн. канцав. 13 сьмярцей - 4 проц.
Джыбсон 1924 г. 343 канцав. 5 " - 2 "
Дзеравенка 1928 г. 392 " 5 " - 0,5 "
Мой матэрыял 1924-1928 гг. 413 " 5 " - 1,2 "

Для характарыстыкі свайго матэрыялу пакажу на галоўныя лічбы: 217 зломаў, 48 агнястрэльных параненьняў, 79 параненьняў мяккіх частак, 41 вытненьняў і дысторсій, 17 зьвіхаў. Усе 5 выпадкаў сьмерці адносяцца да пашкоджаньняў ніжніх канцавін.

Прычыны сьмерці ў гэтых выпадках — шок, рэзкае малакроўе ў выніку быўшага крывяцячэньня, інфэкцыя, гангрэна.