Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Прыроджаны стэноз пэлёруса дзе ад 0 да 60 проц., сьмяротнасьці, сярэдняя — 15 проц.

Стэнозы і атрэзіі страўнічна-кішочнага тракту даюць вельмі вялікую сьмяротнасьць.

Атрэзія кутніцы дае пры опэрацыі сьмяротнасьць ад 22 проц. да 79 проц.; сярэдняя — 37 проц.

Пытаньне аб профіляктыцы прыроджаных хвароб зьяўляецца момантам занадта складаным, каб можна было чакаць надалей значных зьмен. Прыроджаныя цяжкія хваробы не перадаюцца па спадчыне, дый гэта і зразумела, бо вялізарная колькасьць хворых гіне; лёгкія хваробы, якія перадаюцца па спадчыне, не пагражаюць жыцьцю. Магчыма, што эўгенічныя мерапрыемствы будучыні зьменшаць процант прыроджаных хвароб; але на агульную хірургічную сьмяротнасьць гэта ня зробіць хоць сколькі-небудзь значнага ўплыву, паколькі самы лік хвароб нязначны.

Што-ж датычыць зьмяншэньня процанту сьмяротнасьці пры лячэньні гэтых прыроджаных хвароб, дык трэба адзначыць наступны факт: сьмяротнасьць пры опэрацыйным лячэньні прыроджаных хвароб, магчыма крыху павялічалася за апошні час у сувязі з тэндэнцыяй опэраваць магчыма раней, г. зн. самых малых дзяцей, каб атрымаць лепшыя функцыянальныя вынікі. Вельмі малыя дзеці дрэнна пераносяць опэрацыйныя ўмяшаньні. Таму мне здавалася-б правільным не форсыяваць гэтай плыні. Сьмяротнасьць пры шмат якіх хваробах, як мы бачылі, зьмяншаецца; але пэўны процант яе застанецца назаўсёды, бо дзеці, якія родзяцца з тымі ці іншымі аномаліямі разьвіцьця, самі па сабе становяць мала ўстойлівыя і мала жыцьцяздольныя організмы.

2. Пашкоджаньні

Зусім іншае значэньне маюць траўмы. Яны складаюць вельмі значную групу хірургічных захворваньняў. У Расіі за 1902 г. у процантных стасунках траўмы давалі 5,5 проц. усёй колькасьці хворых (для параўнаньня — лічба заразьлівых хвароб — 19,7 проц., хвароб стрававальных органаў — 15,7 проц. і т. д.); у 1912 г. гэтая лічба была — 6,9 проц. На Беларусі процант пашкоджаньняў у адносінах да агульнай захворвальнасьці (Смулевіч) — 5,7 проц.

Сярод застрахаванага насельніцтва траўмы бываюць яшчэ часьцей. Паводле даных СССР за 1925 г. сярод хвароб прамы-