Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мартынава, 6,5 проц. (Інстытут Скліфасоўскага) і т. д. Добрае выражэньне сьмяротнасьці ад зашчэмленых грыж у нашы дні даюць германскія лічбы, атрыманыя на падставе неалькіх дзясяткаў тысяч выпадкаў за 1923-1926 г. г. - 9 проц.; у больніцах процант часам значна лепшы (у мяне - 4,4 проц.).

Вельмі павучальнай зьяўляецца гісторыя ГастраэнтэрастаміяГ. Э. (некаторыя лічбы ўзяты мной ў Салавова). У 1881-1885 г. г. сьмяротнасьць ад яе была 66 проц. (Хлумскі); у 1885 г. у Більрота было 5 сьмярцей. Першыя Г. Э. у Расіі (Манастырскі, Скліфасоўскі) - усе скончыліся сьмерцю. Ад 1886 г. да 1890 г. было апублікавана 114 выпадкаў Г. Э., а процант сьмяротнасьці быў 47 проц.; з 1891-1896 г. - 33,9 проц. Да 1900 г. у Расіі было зроблена 62 Г. Э., са сьмяротнасьцю - 27,4 проц. (Салавоў). У 1909 г. Дабратворскі змог сабраць 1.834 выпадкі Г. Э. з іншакраіннай літаратуры са сьмяротнасьцю - 10 проц. і 378 - у рускай, са сьмяротнасьцю - 8,2 проц. (пры язьве страўніка).

Што-ж мы бачым зараз? Праўда, і цяпер ёсьць статыстыкі са сьмяротнасьцю да 14,19 проц., але сярэдні процант трымаецца каля 3, прычым ёсьць цэлы рад серый опэрацый Г. Э. без сьмяротных вынікаў.

Якобі ў 1874 г. паведаміў, што 14 вядомых у літаратуры выпадкаў гастростоміі - усе скончыліся сьмерцю; 46 опэрацый да 1887 г. далі сьмяротнасьць - 37 проц. Цяпер гэта опэрацыя адносіцца да ліку параўнаўча бясьпечных.

Пэрытоніты паводле Зыкава да хірургічнага лячэньня давалі 100 проц. сьмярцей; з таго часу, як іх пачалі лячыць опэрацыйным шляхам - 40-25 проц.

Параненьні жывата давалі ў мінулым, у залежнасьці ад цяжкасьці, - 56-72 проц. - 100 проц. сьмяротнасьці. Пасьля ўвядзеньня опэрацыйнага мэтоду гэты процант зьнізіўся: ужо ў 1910 г. Янкоўскі апублікаваў зьніжэньне сьмяротнасьці да 50 проц.; зараз мы маем процант сьмяротнасьці - у сярэднім - роўны 31-38 проц.

Лячэньне пляўрытаў, бязумоўна, зрабіла посьпехі. Калі ўзяць старыя статыстыкі (да 1900 г.), дык найменшая лічба сьмяротнасьці - 15,7 проц., найбольшая - 45 проц; звычайныя больнічныя лічбы 18 проц. - 21 проц. - 28 проц. Ад 1900 г. да вайны мы мелі такія значныя лічбы: найбольшая - 30 проц., найменшая - 7,8 проц.; апошнія гады мы, праўда, сустракаем таксама часам значныя лічбы (асабліва ў дзяцей) але найменшыя лічбы - 9,6 проц. - 4,5 проц. - 4,3 проц.