Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цёвых сіл, лёгкіх, судзіннай сыстэмы; дзейнасьць эндокрынных залоз недастаткова рэгулюецца і з прычыны гэтага тут могуць быць розныя нечаканасьці, як сьмерць на опэрацыйным стале і т. д.

Зусім іншая справа астэнікі больш старога ўзросту: адмоўныя бакі гэтага тыпу, дзякуючы ўзроставым зьменам, зьмякчаюцца і на першы плян выступаюць асаблівасьці, выгодныя для хірурга.

Ці можна на падставе гэтых некалькіх заўваг зрабіць зусім пэўныя вывады, нават у адносінах да гэтых двох морфолёгічных тыпаў? Калі-ж уявіць сабе рознастайнасьць усіх тых умоў, якія ствараюць констытуцыянальны тып і апрача таго, узяць пад увагу такога рашаючага фактару, як зьнешняе асяродзьдзе, дык, зразумела, пакуль лепш адмовіцца ад спробы лічыць гэта пытаньне разьвязаным у сэньсе практычных вывадаў. Аднак, з усёй выразнасьцю трэба падкрэсьліць значэньне констытуцыянальнага моманту ў пытаньні пра сьмяротнасьць наогул і хірургічнай сьмяротнасьці ў паасобку.

Д. СОЦЫЯЛЬНЫЯ ФАКТАРЫ

Калі мы недастаткова моцныя часам для змаганьня з момантамі біолёгічнага характару і калі прырода не так-та лёгка раскрывае нам свае таямніцы для пасьпяховага змаганьня з хваробамі, дык ёсьць галіна, у якой нашы спробы змаганьня са сьмяротнасьцю могуць даць значныя вынікі, і якая падлягае ў значнай ступені нашаму ўзьдзеяньню: гэта галіна соцыяльных фактараў хірургічнай сьмяротнасьці.

У папярэдніх разьдзелах, у шмат якіх мясцох, я адзначыў тыя соцыяльныя моманты, якія маюць уплыў на хірургічную сьмяротнасьць. Зноў спыняцца падрабязна на тых-жа самых пытаньнях — значыла-б толькі паўтарацца, і таму я абмяжуюся толькі кароткім рэзюмэ раськіданых у розных месцах заўваг.

Сьмяротнасьць, перш за ўсё залежыць ад захворвальнасьці, а захворвальнасьць у вельмі вялікай меры залежыць ад фактараў соцыяльнага парадку. Няма патрэбы іх пералічыць: прафэсія, жыльлёвыя ўмовы, экономічная забясьпечанасьць — усё гэта стварае глебу для тэй ці іншай захворвальнасьці і сьмяротнасьці. Мы гэта добра бачылі ў разьдзеле пра пашкоджаньні. Дастаткова паглядзець на самы звычайны проспэкт страхаваных арганізацый, для таго, каб пераканацца ў тым, які вялікі ўплыў мае профэсія на сьмяотнасьць ад пашкоджаньняў. У шмат якіх запальных процэсах — іменна ў іх цяжкасьці і сьмяротным