Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зразумелы той уплыў, які мае на хірургічную сьмяротнасьць такі фактар, як констытуцыя. Констытуцыя ёсьць адзін з тых момантаў, якія спрыяюць пэўнаму тыпу захворвальнасьці. У паняцьце констытуцыі ўваходзіць і такая адзнака, як доўгавечнасьць: ёсьць людзі і сем’і, для якіх сярэдні век — 70 г, сем’і з сярэднім векам ад 60 да 70 г, і, нарэшце — менш 60 год. З гэтых заўваг выразна відаць вялізарнае значэньне такога фактару, як констытуцыя для хірургічнай сьмяротнасьці. Аднак, у практычным разьвязаньні гэтага пытаньня мы натыкаемся на тыя самыя цяжкасьці, як і ва ўсёй навуцы пра констытуцыі: знаходзячыся ў пэрыодзе папярэдняга зьбіраньня фактараў, мы яшчэ ня можам адказаць на цэлы рад натуральна ўзьнікаючых пытаньняў.

Калі абмежавацца разглядам тыпаў морфолёгічных, выходзячы з такіх паняцьцяў, як астэнічны, гіпэрстэнічны і сярэдні тып, дык можна даць толькі некаторы папярэдні нарыс зьвестак пра іх устойлівасьць і сьмяротнасьць.

Гіпэрстэнічны тып, злучаны часта з артрытызмам, хваробамі абмену, атлусьценьнем, фіброматозам і т. д., зьяўляеца ў шмат якіх выпадках тыпам малаўстойлівым і для хірургічных умяшаньняў мала падыходзячым. Асабліва выяўляюцца ўсе адмоўныя бакі гэтага тыпу ва ўзросьце больш 40 г.: усе сыстэмы якія падтрымліваюць біолёгічную ўстойлівасьць організма, — сэрца, судзіны, лёгкія, печань, ныркі — лёгка робяцца недастатковымі і прогноз у такіх хворых мы павінны вызначыць з вялікаю асьцярогаю. Горш за ўсё такія хворыя пераносяць опэрацыі ў брушной поласьці; яны выяўляюць вялікі нахіл да лёгачных аскладненьняў, тромбозаў, пасьляопэрацыйных паралюшаў кішок. Затлусьцелыя хворыя, і асабліва жанчыны, вельмі лёгка падпадаюць інфэкцыі. З другога боку, гіпэрстэнічны тып без паказаных вышэй дысплястычных расстройстваў констытуцыі, дае добрыя вынікі пры опэрацыйных умяшаньнях: такое ўражаньне атрымалася ў мяне, галоўным чынам ад опэраваньня салдатаў у часе імпэрыялістычнай вайны і сялян у мірны час. У мяне стварылася зусім пэўнае ўражаньне — значна большай выносьлівасьці і меншай сьмяротнасьці ў гіпэрстэнікаў гэтага тыпу параўнаўча з гараджанамі. Мне здаецца, што вялізарнае значэньне тут мае лепшы стан нэрвовай сыстэмы наогул і вэгэтатыўнай у паасобку.

У адносінах да астэнікаў трэба адрозьніваць два ўзросты. Астэнікі больш маладыя няўстойлівыя ў сэньсе агульных жыць-