Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Значэньне профэсіянальнага моманту ў пытаньні пра сьмяротнасьць у мужчын і жанчын вельмі добра дэмонструецца такімі лічбамі (Германія 1926 г.):

Мужчын Жанчын
апёк выклікаў сьмерць 711 612
агнястрэльныя параненьні 295 58
пашкоджаньні машынамі 446 48
іншыя цяжкія кантузіі 1153 44

У групе запаленьняў, якая складаецца з вельмі рознастайных захворваньняў, такой аднастайнасьці, як у групе траўмаў, мы не сустракаем.

З ліку запаленьняў органаў жывата зварочвае на сябе ўвагу апэндыцыт — сваёй частасьцю. Хто часьцей паражаецца апэндыцытам — мужчыны ці жанчыны? Даўней пераважаў погляд, што на апэндыцыт хварэюць пераважна мужчыны. Такой, напр., зьяўляецца думка Растоўцава (1919 г.). Але нашы даныя гавораць пра іншае. Напр., у мяне на 837 выпадкаў было 441 мужчына і 396 жанчын; але ў Мартынава — 534 жанчыны і 292 мужчын; у Тыфліскай клініцы — 151 мужчына і 399 жанчын. Але найбольш пераканальны ў гэтых адносінах вялікія германскія лічбы:

Мужчын Жанчын
1923 г. 40.546 47.296
1924 г. 51.516 58.509
1925 г. 69.300 77.745
1926 г. 73.513 83.101

Але паказальнік сьмяротнасьці ад апэндыцыту, нібы большы ў мужчын. Паасобныя паказаньні старых аўтароў не адзначаюць розьніцы ў гэтым сэньсе (Эйнгорн: 55 м, 57 ж.). Тут аднак самыя лічбы нязначныя. Але за тое мы маем такія даныя:

Італія. 1926 г.

У абсолютных лічбах памерла ад апэндыцыту:

м. 817, ж. 623 (стасунак 4:3).

Германія. На 10.000 насельніцтва памерла ад апэндыцыту:

Мужчын Жанчын
у 1913 г. 0,7 0,5
" 1926 0,8 0,6

З такіх вялікіх лічбаў, можна мабыць, зрабіць вывад, што процант сьмяротнасьці ад апэндыцыту для мужчын крыху большы. На Беларусі таксама за 1925 г. ад апэндыцыту памерла 31 мужчына і 18 жанчын.