Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кішак у часе опэрацыі, дык мы-ж ведаем, што рвуцца кішкі толькі вельмі раздутыя і зьмененыя ў сваім жыўленьні: значыць, апрача хірурга, у данай сьмерці вінавата сама хвароба. Памылкі дыягназу ці памылкі тэхнікі здараюцца галоўным чынам там, дзе ўмовы самага захворваньня і опэраваньня ўскладнены; ускладненьне-ж назіраецца галоўным чынам або ў выпадках вельмі цяжкіх, тэрміновых захворваньняў, або ў выпадках доўгатэрміновай хваробы і запушчэньня.

Зусім ня здымаючы з хірургаў частку іх віны, усе гэтыя меркаваньні маюць мэтай паказаць на об’ектыўныя ўмовы, якія прымушаюць аднесьці многія з такіх выпадкаў за лік самага захворваньня. Гэта важна для нас, па-першае, для таго, каб стварыць набольш об’ектыўны малюнак значэньня опэрацыі, як фактару хірургічнай сьмяротнасьці. З другога боку, гэта яшчэ раз указвае нам на той галоўны шлях, па якім неабходна накіраваць нашу ўвагу — шлях сваячасовага звароту за хірургічнай дапамогай — і гэта-ж дае нам магчымасьць ставіць прогноз адносна зьмяншэньня процанту тэй групы пасьляопэрацыйных сьмярцей, дзе прычынай зьяўляюцца памылкі і няўдачы опэрацыйнага ўмяшаньня.

Пасьля выліку тых выпадкаў, пра якія мы зараз гаварылі, застаецца пэўны процант такіх, дзе прычынай сьмерці бязумоўна зьяўляецца тая ці іншая памылка распазнаваньня або тэхнікі, ці няўдача, якую цяжка кваліфікаваць як памылку, але якая цягне за сабой сьмерць хворага. Хоць процант такіх выпадкаў нязначны, і хоць яны не ствараюць якой-небудзь перавагі ў пасьляопэрацыйнай сьмяротнасьці ў параўнаньні з хірургічнай сьмяротнасьцю наогул, але гэтыя выпадкі, незалежна ад процантных адносін, зьяўляюцца цёмнаю плямаю ў хірургіі, зьнішчыць якую ёй неабходна. Разьвязаньне гэтай задача важна ня толькі ў інтарэсах данай групы хворых, але ў інтарэсах хірургіі ў цэлым: боязнь опэрацый, якая прымушае часта і хворага, і ўрача-тэрапэўта весьці політыку стравуса, засноўваецца часткова на выпадках пасьляопэрацыйнай сьмерці пры захворваньнях, якія па сутнасьці не пагражаюць жыцьцю. І разьвязаньне вышэйпамянёнай задачы магчыма ў двох кірунках: індывідуальная ўдасканаленасьць кожнага паасобнага хірурга, а з другога боку — стварэньне такіх соцыяльных умоў, якія гарантавалі-б дастатковасьць удасканаленасьці ўрачоў у хірургічным майстэрстве, скарыстаньне найбольшай спрактыкаванасьці ў спэцыяльных галінах.