Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

толькі ў 28 інфэкцыю можна прызнаць унесенай пры опэрацыі; у астатніх 50 выпадках яна ўжо была да опэрацыі: пэрытоніты пасьля апэндыцыту, пэрфорацыі язвы, траўмы жывата, пляўрыты, остэоміэліты і т. д. Калі такім чынам узяць толькі выпадкі пасьляопэрацыйнай сьмерці ад інфэкцыі, унесенай хірургам, дык для літаратурных выпадкаў і для маіх гэта дасьць 11-12 проц. адносна ўсёй пасьляопэрацыйнай сьмяротнасьці. Пятроў называе лічбу — 13,4 проц.; Штых — 9,4.; у мяне — 11 проц. Працягваючы гэты аналіз, я павінен зазначыць, што вялізарная большасьць гэтых выпадкаў мае сувязь з опэрацыямі ў брушной поласьці. На 202 выпадкі (літаратура), дзе можна лічыць, што інфэкцыя ўнесена хірургам, 172 опэрацыі былі на страўніку, кішэчніку і жоўцевых шляхох. Рэшта — 22 выпадкі — сьмерці ад мэнінгітаў, што ўзьніклі пры выдаленьні пухлін мазгоў, і толькі 8 — ад выпадковай іншай інфэкцыі. Той-жа малюнак па сутнасьці і ў мяне: на 28 выпадкаў — 5 сьмярцей ад інфэкцыі мазговых абалонак, усе астатнія — ад пэрытонітаў пасьля опэрацый на органах брушной поласьці.

Калі інфэкцыя ўжо ўнесена, дык пытаньне аб змаганьні з ёю зводзіцца да ўжо разабраных намі мэтодаў змаганьня з запаленьнем. У належным месцы мы прышлі да заключэньня, што адным з галоўных мэтодаў гэтага змаганьня цяпер зьяўляецца магчыма больш раньняя опэрацыя; і сапраўды, усё, што ў гэтых адносінмх выказана пры аналізе сьмяротнасьці ад розных захворваньняў, цалкам адпавядае цяперашнім нашым разважаньням. Вельмі позьняе зьвяртаньне хворых па ўласнай віне, а таксама і па віне дактароў, зьяўляецца прычынай сьмяротнасьці — больш частай, як цяжкасьць самой інфэкцыі.

Застаюцца выпадкі, калі інфэкцыя ўнесена ў часе опэрацыі. Як я ўжо зазначыў, гэта — опэрацыі, якія маюць сувязь з раскрыцьцём полых органаў, асабліва страўніка і кішак. Хірургічная думка даўно б’ецца над проблемай асэптычнага кішочнага шва. Але і да гэтага часу пытаньне не разьвязана настолькі, каб можна было гарантаваць адсутнасьць пэрытоніту ва ўсіх падобных выпадках. Можна разьлічваць, што далейшае ўдасканальваньне тэхнікі дасьць зьмяншэньне колькасьці падобных выпадкаў. І калі цяпер, паводле анкеты Магазаніка, 30 проц. загінуўшых пры рэзэкцыі страўніка памерла ад пэрытоніту, дык ня трэба быць прарокам, каб з упэўненасьцю прадракці, што ў будучыню гэты процант будзе зьмяншацца.

Значны процант інфэкцыі мазговых абалонак пры опэрацыях на галаўных і сьпінных мазгох, на маю думку, мае сувязь (пры