Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чыць, што опэрацыйны мэтод лячэньня шмат якіх захвораваньняў разглядаецца яшчэ і да гэтага часу, як выключэньне, і іменна гэты погляд параджае шмат непаразуменьняў у той галіне, пра якую ідзе гутарка. Такім чынам і атрымліваюцца сотні хворых, якія зьяўляюцца да хірурга або тады, калі ўжо немагчыма што-небудзь зрабіць, або тады, калі опэрацыйнае ўмяшаньне для хворага зьяўляецца небясьпечным. Атрымлівацца зачараваны круг: кепскія вынікі запозьненых опэрацый адпужваюць хворых і ўрачоў і «слава» опэрацыі, як «крайняга сродку», замацоўаецца ўсё больш. У гэтым пункце, зразумела, неабходзен рашучы пералом, якога можна дасягнуць выключна сумеснай работай тэрапэўта і хірурга і вялікай растлумачальнай работай у адносінах да хворых. Посьпехі хірургіі ў сучаснай стадыі яе разьвіцьця — хірургіі масавай — на бліжэйшы пэрыод будуць залежыць не ад прогрэсу самой хірургіі, а, галоўным чынам, ад стварэньня спрыяльных да яе адносін сярод мас насельніцтва.

З мерапрыемстваў, якія маглі-б радыкальна зьмяніць справу, мабыць, трэба назваць іншае разьмеркаваньне спэцыяльнасьцяй, чым гэта мае месца ў сучасны момант. І сапраўды, цяпер ужо ёсьць цэлы рад спэцыяльнасьцяй, прадстаўнікі якіх уладаюць і консэрватыўным і опэрацыйным мэтодамі лячэньня. У гэтых спэцыяльнасьцях можа ўзьнікаць пытаньне пра больш консэрватыўны ці больш радыкальны кірунак у справе лячэньня, але ніколі ня можа ўзьнікнуць конфліктаў, якія часта бываюць пры «перадачы» хворага тэрапэўтам хірургу. Магчыма, што надышоў час, каб падзяліць мэдыцыну па органах і сыстэмах з тым, каб урач уладаў адначасова і хірургічным мэтодам. Тады зьнікне гэты шкодны падзел на «тэрапэўта» і «хірурга» з усімі яго пасьледзтвамі, як навукова-мэтодолёгічнымі, так і бытавымі, якія прыводзілі часта да таго, што мы, хірургі, называем «запушчаным выпадкам».

В. УПЛЫЎ ОПЭРАЦЫЙНАГА ЎМЯШАНЬНЯ НА ХІРУРГІЧНУЮ СЬМЯРОТНАСЬЦЬ.

Кожнаму хірургу зразумела важнасьць асобнага выдзяленьня пытаньня пра пасьляопэрацыйную сьмяротнасьць, і гэта акалічнасьць, мабыць, не патрабуе тлумачэньня. Мэтаю аналізу пасьляопэрацыйнай сьмяротнасьці зьяўляецца адказ на два пытаньні:

1) Ці не зьяўляецца часам сама опэрацыя прычынай сьмерці? 2) Якія адмоўныя бакі опэрацыі і як змагацца з імі?