Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Па небясьпечнасьці на другім месцы пасьля пухлін стаіць група траўм. Змаганьне тут павінна весьціся, галоўным чынам, ў галіне соцыяльнай: папяраджаньне траўм, асабліва цяжкіх, лепш за ўсё разьвяжа пытаньне. Далей, трэба палепшыць організацыю падачы першай і канчатковай хірургічнай дапамогі, наблізіць яе да насельніцтва, асабліва да організаваных груп і паскорыць у часе.

Дзьве групы — запальных захворваньняў і расстройства жыўленьня — стаяць прыблізна на адным узроўні ў сэньсе сьмяротнасьці. Запаленьні сэрозных абалонак воласьцей, абсцэсы ўнутраных органаў — у аднэй групе і ілеус у другой групе — галоўныя ворагі, супроць якіх павінна быць накіравана ўся вастрыня клінічнага вывучэньня.

Пры сучасным стане лячэньня сакрэт зьмяншэньня сьмяротнасьці заключаецца ў тых жа момантах — набліжэньні хірургічнай дапамогі да насельніцтва і пропагандзе раньняга опэраваньня.

Так разьмяркоўваюцце ў сэньсе небясьпечнасьці гэтыя пяць асноўных груп. Але сьмяротнасьць залежыць яшчэ ад лёкалізацый. Мабыць ня мае сэнсу спроба выразіць у лічбах коэфіцыент сьмяротнасьці ў залежнасьці ад лёкалізацыі процэсу; у асноўных-жа рысах гэта зразумела кожнаму.

Мельнікаў прабаваў падзяліць усе хірургічныя захворваньні на пяць груп:

I група — дае 65 проц. сьмяротнасьці — хваробы мазгоў, сэрца, лёгкіх;

II група — дае да 30 проц. сьмяротнасьці — гарляк, трахея, хрыбетнік, параненьні жывата, кішкі:

III група — дае да 20 проц. сьмяротнасьці — зашчэмленыя грыжы, печань, страўнік;

IV група — дае да 10 проц. сьмяротнасьці — вострыя апэндыцыты, остэоміэліты і т. д.

V група — дае да 1 проц. сьмяротнасьці — усе іншыя процэсы

Яснай зьяўляецца надзвычайная схэматычнасьць такога падзелу, і я лічу лішнім станавіцца на гэты шлях. Можна сказаць толькі адно: пры аднолькавых умовах паражэньні ўнутраных органаў і сэрозных абалонак больш небясьпечны, чым паражэньні іншых органаў і частак цела; з унутраных органаў — асабліва небясьпечны — захворваньні і пашкоджаньні галаўных мазгоў, сэрца, унутрыбрушынных органаў.