Старонка:Смоліч А. Прадмова да кнігі Матар’ялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пабудаваныя на шырокім выкарыстаньні сырога матар’ялу, які часткаю таксама будзе публікавацца ў дадатках. Такім сырым матар’ялам, па сутнасьці, для географа зьяўляецца і канчатковая публікацыя статыстычнага матар’ялу. Каб зрабіцца гатовым географічным матар’ялам ён павінен быць ня толькі разьмешчаны на географічнай карце, але ў кожным пункце гэтае карты павінен быць увязаны з цэлым шэрагам гоеграфічных элементаў у суцэльнай характарыстыцы географічнага раёну.

Катэдра географіі мае сваім заданьнем географічную распрацоўку ўсіх пералічаных матар’ялаў, якая павінна з усёй масы іх выбраць тыя, што маюць географічнае значэньне і ў належнай меры характарызуюць раён, да якога адносяцца. Атрыманы ў выніку гэтага адбору географічны матар’ял будзе ўжо трывалым і пэўным фундамэнтам, на якім будзе разьвівацца географія Беларусі.

У 1-м томе «Матар’ялаў» зьмяшчаюцца працы, пабудаваныя на статыстычным матар’яле, што тлумачыцца як тым, што гэты матар’ял ужо даўно чакае навуковага выкарыстаньня, так і яго большай даступнасьцю, паўнатой і аднастайнасьцю зьбіраньня, што дазваляе асьвятліць адразу некаторыя шырокія проблемы з належнай гарантыяй упэўненасьці. У далейшых томах «Матар’ялаў» зьявяцца працы пабудаваныя на даных, зьбіраных краязнаўчымі організацыямі, а таксама і самой Катэдрай Географіі, ды іншымі катэдрамі Інстытуту праз іхнія экспэдыцыі.

Было-б вельмі пажадана, каб у навуковай распрацоўцы абшырнага географічнага і статыстычнага матар’ялу аб Беларусі прынялі удзел магчыма шырэйшыя колы дасьледчыкаў-географаў і статыстыкаў. Супольнымі высілкамі нам трэба дабіцца, каб посьпехі географічнага самапазнаньня Беларусі былі замацаваны глыбокімі навуковымі падставамі і каб яны, як найхутчэй прынесьлі справе гаспадарчага і культурнага будаўніцтва Беларусі тую карысьць, якой ад іх можна спадзявацца.

А. Смоліч.