Старонка:Смоліч А. Прадмова да кнігі Матар’ялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРАДМОВА

Спаміж дасягненьняў Беларусі, здабытых за апошняе дзесяцігодзьдзе, заслугоўвае адзначэньня адно, быць можа ня вельмі яскравае, але тым ня менш поўнае глыбокага сэнсу ў пэрспэктыве культурнае гісторыі краю. Я маю на ўвазе разьвіцьцё географічнага і статыстычнага самапазнаньня, якое цяпер ахапіла масы насяленьня Беларусі. Вось ужо некалькі гадоў, як на ўсёй прасторы Беларусі, па вёсках і мястэчках распачалася краязнаўчая праца, якая ў пераважнай большасьці мае географічны зьмест; статыстычнымі органамі зьбіраюцца і распрацоўваюцца лічбавыя матар’ялы ў такіх разьмерах, якіх ніколі ня бачыла Беларусь; стварыліся ўмовы, якія дазволілі вылучыцца новай галіне географічнае навукі — Географіі Беларусі. Апошняя цяпер стала адным з асноўных прадметаў выкладаньня ў школах усіх ступеняй да вышэйшых школ Беларусі ўключна. Гэты процэс географічнага самапазнаньня бясспрэчна стаіць у найцясьнейшай сувязі з тымі вымаганьнямі, якія ставіць навуцы эпоха рэволюцыі, эпоха соцыялістычнае перабудовы ўсяго конкрэтнага, навакольнага жыцьця. Для продукцыйнай працы ў гэтую эпоху асабліва неабходна самае тонкае разуменьне і выкарыстаньне ўсіх географічных асаблівасьцяй краю і кожнага яго раёну, а па магчымасьці і кожнае мясцовасьці.

Але адно зьбіраньне географічнага і статыстычнага матар’ялу ёсьць толькі пачаткам гэтае важнае справы, які патрабуе свайго лёгічнага працягу, — распрацоўкі, сыстэматызацыі і апублікаваньня ўсіх вартых таго матар’ялаў. З гэтага боку застаецца яшчэ шмат працы для выкананьня. Статыстычныя матар’ялы распрацоўваюцца і публікуюцца толькі ў вельмі амбежаваных рамках, з мэтаю пераважна даць пэўныя сярэднія лічбы па ўсёй Беларусі і па яе найбуйнейшых падзелках-акругах. Найцікавейшы для географа матар’ял аб дробных тэрыторыяльных адзінках, аб паасобных паселішчах звычайна не публікуецца, дый наўрад ці можа быць апублікаваны ў поўнай меры, дзякуючы сваёй грамознасьці. Тое самае можна ў яшчэ большай меры сказаць аб географічным матар’яле, зьбіраным краяведамі. Усе гэтыя матар’ялы пакуль што неабходна выкарыстоўваць для навуковых географічных прац у сырым відзе, публікуючы, аднак, разам з працамі і больш каштоўныя з выкарыстаных сыстэматызаваных матар’ялаў, каб даць магчымасьць шырэйшым колам дасьледчыкаў як спраўдзіць вывады кожнае працы, так і далажыць сваіх высілкаў для далейшага дасьледваньня таго самага матар’ялу іншымі мэтодамі, з іншых пунктаў разгляду.

Катэдра Географіі Інстытутут Беларускае Культуры, распачынаючы выданьне «Матар’ялаў да Географіі і Статыстыкі Беларусі» мае на ўвазе публікаваць у іх працы пераважна монографічнага характару,