Старонка:Смок Белью.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

павароце ручая ў выглядзе падковы, што ўразалася глыбока ў даліну.

Смок засмучана пацягнуўся назад да маленькай стаянкі. Шорці, які скончыў прамыўку пяску, сустрэў яго захапляючымі ўскрыкамі.

— Вось яно! — крыкнуў ён, працягваючы сябру таз. — Вось, зірні. Золата, чыстае золата! Тут дзвесце далараў, ні на цэнт меней. Яно так і валяецца на самай паверхні. Я бачыў многае на сваім вяку, але ніколі ў жыцці не сустракаў яшчэ такога багацця.

Смок кінуў абыякавы позірк на золата, наліў сабе кубак кавы і прысеў ля агню. Джой адчула нешта нядобрае і зірнула на яго нецярплівым, упрашальным позіркам. Але Шорці быў раззлаваны абыякавасцю сябра.

— Што гэта ты як быццам не радуешся? — запытаў ён. — Гэта-ж сапраўднае шчасце. Можа быць, ты такі багаты, што плюеш на таз, у якім дзвесце далараў?

Перш чым адказаць, Смок адхлябнуў кавы.

— Скажы мне, Шорці, чым нашы ўчасткі падобны на Панамскі канал?

— Гэта яшчэ што за навіна?

— Бачыш, усходні ўваход у Панамскі канал знаходзіцца заходней яго заходняга ўваходу. Вось і ўсё.

— Давай далей, — сказаў Шорці. — Я яшчэ не раскусіў, у чым справа.

— Карацей кажучы, Шорці, ты заняў нашы два ўчасткі на вялікім павароце ў выглядзе падковы.

Шорці паставіў таз на снег і ўскочыў на ногі.

— Далей, далей, — паўтарыў ён.

— Верхні слуп дваццаць восьмага на дзесяць футаў ніжэй ніжняга слупа дваццаць сёмага.

— Ты хочаш сказаць, што ў нас нічога няма, Смок?

— Горш таго. У нас на дзесяць футаў менш, чым нічога.

Шорці бегма пусціўся да берага. Праз пяць хвілін ён вярнуўся. У адказ на позірк Джой ён кіўнуў. Не кажучы ні слова, ён падышоў да паваленага дрэва і, апусціўшыся на яго, пачаў уважліва разглядаць снег пад сваімі нагамі.

— Ну што-ж, здымемся з лагера і рушым зноў у Даусон, — сказаў Смок, пачынаючы складваць коўдры.

— Мне вельмі шкада, Смок, — прашаптала Джой, — усё гэта мая віна.

— Нічога, — адказаў ён, — усё ў парадку.