Старонка:Смок Белью.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі яны прачнуліся, дык убачылі, што за ноч надвор’е змянілася. Шорці і Смок, яшчэ не вылазячы з-пад сваёй агульнай коўдры, вызначылі, што мароз не больш чым у дваццаць градусаў. Мароз здаў. На іхніх коўдрах ляжаў пласт снежных крышталаў у шэсць дзюймаў таўшчыні.

— З добрай раніцай! Як вашы ногі? — запытаў Смок, пазіраючы праз рэшткі вогнішча на Джой Гастэл, якая, седзячы ў сваіх спальных футрах, уважліва абтрасала з сябе снег.

Шорці распаліў агонь і накалоў лёду ў ручаі, а Смок узяўся рыхтаваць снеданне. Калі яны пакончылі з ежай, узышло сонца.

— Ідзі пастаў гэтыя… як іх… вуглавыя слупы, Смок, — сказаў Шорці. — Там, дзе я браў лёд для кавы, ёсць пясок, і я хачу натапіць у нашым тазе вады і прамыць на шчасце крыху гэтага самага пяску.

Смок накіраваўся, захапіўшы сякеру, каб высечы калкі. Пачаўшы з ніжняга па плыні цэнтральнага слупа, на ўчастку нумар дваццаць сем, ён накіраваўся напрамік па вузкай цясніне да ўскраю ўчастка. Ён прарабіў усё гэта метадычна, амаль машынальна: думкі яго былі поўны ўспамінаў аб мінулай ночы. Яму здавалася, што ён нейкім чынам набыў уладу над прыгожымі лініямі і цвёрдымі мускуламі гэтых ножак, якія ён расціраў снегам, і гэтая ўлада як быццам распаўсюджвалася і на ўсю жанчыну. Гэтае пачуццё напаўняла яго якімсьці невыразным прыемным адчуваннем. Яму здавалася, што ўсё гэта было неабходна для таго, каб ён мог падыйсці да Джой Гастэл, узяць яе руку ў сваю і сказаць: «Ідзем».

Сярод гэтых думак ён наткнуўся раптам на нешта, што прымусіла яго забыць аб уладзе над белымі ножкамі. Ён не паставіў вуглавога слупа на ўскраі цясніны. Ён нават не дайшоў да яе краю, бо напаў на другі ручай. Смок прыкмеціў зламаную вярбу і вялікую, адзінокую елку, якая кідалася ў вочы. Ён вярнуўся да ручая, дзе стаялі цэнтральныя заявачныя калы. Ён пайшоў берагам ручая, выгнутага ў выглядзе падковы, і пераканаўся ў тым, што тут не два ручаі, а адзін. Затым ён двойчы прабраўся па снягу ад аднаго краю даліны да другога, у першы раз пачаўшы ад ніжняга слупа нумара дваццаць сёмага, а ў другі раз — ад верхняга слупа нумара дваццаць восьмага, і пераканаўся канчаткова, што верхні слуп апошняга ўчастка знаходзіцца ніжэй ніжняга слупа першага. У прыцемках Шорці заняў абодва ўчасткі на