Старонка:Смок Белью.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго лёд, і яны зразумелі, што вышлі крыху вышэй Пробнага ўчастка і заявак, занятых старажыламі з Львінага возера.

— Сцеражыцеся крыніц! — папераджальна крыкнула Джой, калі Смок павёў іх уніз па ручаю. — Пры сямідзесяці градусах вы застанецеся без ног, калі праваліцеся.

Такія крыніцы, якія часта сустракаюцца ў кландайскіх рэках, не замярзаюць пры самых нізкіх тэмпературах, Вада, якая сцякала з крутых берагоў і накапілася невялікімі вадаёмамі, абаронена ад холаду замерзлай паверхняй ручая і выпаўшым снегам. І вось чалавек, які ідзе па сухому снягу, можа лёгка прадавіць кару лёду ў поўдзюйма таўшчыні і праваліцца па калена ў ваду. Калі на працягу пяці хвілін ён не зможа сцягнуць мокрыя макасіны, дык застанецца без ног.

Хоць было ўсяго тры гадзіны пасля поўдня, але даўгое шэрае палярнае змярканне ўжо апусцілася. Спадарожнікі шукалі на берагах дрэва з адзнакай, якая паказала-б ім, дзе зроблена апошняя заяўка. Джой, шукаўшая яе з асаблівым хваляваннем, першая заўважыла зарубку. Яна кінулася наперад і крыкнула Смоку:

— Хтосьці ўжо быў тут! Зірніце на снег! Зірніце на зарубку! Вось яна! Вось на гэтай сасне!

І ў гэты момант яна па пояс правалілася ў снег.

— Вось я і папалася! — жаласліва вымавіла яна. Затым усклікнула. — Не падыходзьце да мяне, я сама выберуся!

Крок за крокам, раз-по-раз правальваючыся і ламаючы тонкі лёд, схаваны пад сухім снегам, яна пракладвала сабе шлях да цвёрдага грунту. Смок не стаў чакаць. Ён кінуўся да берага, дзе сухое вецце і сучча, вынесеныя на бераг у часе вясенніх разліваў, як быццам чакалі сярнічкі. К таму часу, як Джой дабралася да яго, першыя языкі полымя падымаліся ўжо ў паветра.

— Сядайце, — загадаў Смок.

Яна паслухмяна апусцілася на снег. Ён скінуў са спіны свой мех і паслаў пад яе нагамі коўдру.

Зверху гучэлі галасы шукальнікаў, якія ішлі за імі.

— Няхай Шорці зробіць заяўку, — прыспешвала Джой.

— Ідзі, Шорці, — сказаў Смок, беручыся за яе макасіны, ужо ацвярдзелыя ад лёду. — Адмер тысячу футаў і пастаў у цэнтры два заявачныя калы. Вуглавыя мы паставім пасля.

Нажом Смок разрэзаў шнуркі і кожу макасінаў. Яны паспелі так моцна прамерзнуць, што трашчэлі і скрыпелі пад нажом. Сівашскія наскі і таўстыя шарсцяныя панчохі пера-