Старонка:Смок Белью.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Аднойчы зімой на Койакуку мароз дайшоў да васьмідзесяці шасці, — адказала Джой. — Цяпер, напэўна, не менш сямідзесяці ці сямідзесяці пяці, і я адчуваю, што адмарозіла сабе шчокі. Яны гараць, як у агні.

На крутым спуску гары зусім не было лёду; таму яны клалі у таз для прамыўкі золата крыху цвёрдага чыстага крышталічнага снегу, дробнага, як цукровы пясок, і адтайвалі яго на агні, пакуль не натаяла дастаткова вады для кавы. Смок падсмажваў грудзінку і грэў сухары ля агню, Шорці падкідваў у агонь вецце, а Джой накрывала на стол, расстаўляючы няхітрыя прыборы: дзве чашкі, дзве лыжкі, бляшанку з сумессю солі і перцу і бляшанку з цукрам. Калі яны ўзяліся за яду, яна падзялілася прыборам са Смокам, і яны елі з адной талеркі і пілі з аднаго кубка.

Было амаль дзве гадзіны, калі яны перайшлі нарэшце праз хрыбет і пачалі спускацца да Рабінага ручая. Яшчэ раней, зімою, нейкі паляўнічы на аленяў праклаў сцежку па вузкай цясніне, гэта значыць, накіроўваючыся на паляванне і вяртаючыся назад, ён заўсёды ступаў па сваіх слядах. У выніку пад пластам выпаўшага пазней снегу ўтварылася лінія няроўных груд. Той, у каго нага пападала між груд, правальваўся ў снег і падаў. Паляўнічы на аленяў валодаў, як відаць, незвычайна даўгімі нагамі. Джой, якая палка жадала цяпер дапамагчы сваім спадарожнікам, і баялася, што яны наўмысна замаруджваюць ход з-за яе відавочнай зморанасці, настоіла на тым, каб ісці наперадзе. Шпаркасць і лоўкасць, з якой яна пазбягала здрадлівых слядоў паляўнічага, выклікалі рашучую пахвалу Шорці.

— Зірні на яе! — усклікнуў ён. — Ну і малайчына! Ужо яна напэўна ела медзвяжаціну. Зірні, як коўзаюцца яе макасіны. Гэта табе не высокія каблучкі. Яна карыстаецца нагамі, якія ёй даў бог. Гэта жонка для медзвяжатніка.

Яна азірнулася і глянула на яго з усмешкай ухвалы, якая адносілася і да Смока. Ён улавіў у ёй сяброўскую прыхільнасць, хоць у той-жа час яго пранізала адчуванне, што ў гэтай сяброўскай усмешцы было вельмі шмат жаночай ласкі.

Дайшоўшы да Бабінага ручая, яны азірнуліся назад і ўбачылі даўгую перарывістую лінію золаташукальнікаў, якія з цяжкасцю спускаліся па схілу. Джой і яе спадарожнікі спусціліся да русла ручая, якое прамерзла да самага дна. Ручай у дваццаць-трыццаць футаў шырынёю цягнуўся між ілістымі наноснымі берагамі ад шасці да васьмі футаў вышыні. Нічыя нага не ступала яшчэ па роўнаму снягу, які пакрываў